Беларуская Служба

Прэзідэнт Анджэй Дуда адправіцца з візітам у Турцыю

23.05.2021 12:11
Падчас двухдзённага візіту абмяркоўвацца будуць бяспека і супрацоўніцтва ў рамках НАТА і развіццё эканамічнага супрацоўніцтва.
  .
Прэзідэнт Анджэй Дуда.Foto: PAP/Leszek Szymański

Бяспека і супрацоўніцтва ў рамках НАТА, пагадненне аб узбраенні і развіццё эканамічнага супрацоўніцтва. Гэта найбольш важныя пытанні двухдзённага візіту прэзідэнта Анджэя Дуды і яго жонкі Агаты Кaрнгаўзер-Дуды ў Турцыю, які пачнецца ў панядзелак, 24 траўня.

Кіраўнік прэзідэнцкага Бюро па міжнароднай палітыцы Кшыштаф Шчэрскі заявіў, што гэта будзе інтэнсіўны візіт. Важным пытаннем, якое абмяркуюць прэзідэнты абедзвюх краін, стане супрацоўніцтва ў рамках Паўночнаатлантычнага альянсу ў кантэксце саміту НАТА ў сярэдзіне чэрвеня ў Бруселі:

- Прэзідэнт будзе прасоўваць ідэю шматбаковых сустрэчаў, напрыклад: «Польшча-Румынія –Турцыя», пра што польскі лідар ў Бухарэсце размаўляў з прэзідэнтам Ёханісам, а таксама сустрэчаў «Польшча-Украіна-Турцыя», пра што гаворка ішла з прэзідэнтам Заленскім.

Міністр Кшыштаф Шчэрскі дадаў, што для прэзідэнта Анджэя Дуды важная бяспека ўсяго ўсходняга фланга НАТА, уключаючы яго паўднёвую частку. Тут, як сказаў міністр, Турцыя адыгрывае важную ролю. Прэзідэнт сустрэнецца з польскімі жаўнерамі, якія ў рамках місіі НАТА служаць у Турцыі.

Нагадваем, у Турцыі служаць 65 польскіх вайскоўцаў. Яны выконваюць патрульныя палёты над зонай Міжземнага і Чорнага мораў. Падчас візіту ў Турцыю міністр абароны Марыюш Блашчак падпіша з турэцкай абароннай прамысловасцю пагадненне аб закупцы баявых беспілотнікаў «Байрактар». Польшча плануе купіць 24 беспілотныя лятальныя апараты, узброеныя ракетамі.

Іншым аспектам візіту ў Турцыю стане супрацоўніцтва цэнтральных банкаў абедзвюх краін, супрацоўніцтва аўтамабільнай прамысловасці, а таксама размовы датычныя адукацыі.

У план візіту таксама ўваходзіць наведванне польскага паселішча Адамполь і сустрэча з Канстанцінопальскім патрыярхам.

аз

Польскі прэзідэнт збіраецца з афіцыйным візітам у Турцыю

22.05.2021 11:10
У праграме візіту запланаваныя размовы з турэцкім прэзідэнтам Рэджэпам Эрдаганам на тэму бяспекі ды эканомікі.