Беларуская Служба

У Вроцлаве беларускам уручылі ўзнагароду імя Яна Новака-Езяранскага

04.06.2021 21:15
Сёлета яе атрымалі Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вольга Кавалькова.
    -   ,     .
Сёлета ўзнагароду імя Яна Новака-Езяранскага атрымалі Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вольга Кавалькова.PAP/Maciej Kulczyński

Тры беларускі Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вольга Кавалькова атрымалі ўзнагароду імя Яна Новака-Езяранскага. На сённяшняй цырымоніі ў Вроцлаве ад імя арыштаванай Марыі Калеснікавай узнагароду атрымала ейная сястра Таццяна Хоміч.

Узнагароду свайго імя 4 чэрвеня 2004 года заснавалі сам Ян Новак-Езяранскі, а таксама мэр Вроцлава, Вроцлаўскі ўніверсітэт, Нацыянальны інстытут Асаліньскіх і Каледж Усходняй Еўропы.

Штогод яна ўручаецца асобам альбо ўстановам, якіх жыццё і дзейнасць садзейнічалі альбо садзейнічаюць стварэнню структур незалежнай Польшчы і будаўніцтву грамадзянскай супольнасці.

Арганізатары прэміі падкрэслілі, што ўзнагарода прысуджаная беларускам за іх спасылкі на ўсходнееўрапейскі досвед барацьбы за правы чалавека, а таксама, каб «ажывіць баявы дух, які беларускія ўлады спрабуюць здушыць жорсткай сілай».

Сярод лаўрэатаў узнагароды імя Яна Новака-Езяранскага знаходзяцца, між іншым, Тадэвуш Мазавецкі, Джордж Буш старэйшы, Сяргей Кавалёў, Вацлаў Гавел, Лешак Бальцэровіч, Вальдас Адамкус, Літаратурны інстытут у Парыжы, праф. Збігнеў Бжазіньскі, літоўскі празаік і паэт Томас Венцлава, былы пасол Ізраіля ў Польшчы Шэвах Вайс, а таксама першы кіраўнік незалежнай Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч.

У цырымоніі ўручэння ўзнагароды імя Яна Новака –Езяранскага ўдзельнічалі таксама бацькі Рамана Пратасевіча.

PAP/аз