Беларуская Служба

Неўзабаве з Варшавы ў Лодзь можна будзе даехаць за 45 хвілін

16.06.2021 09:33
Будзе гэта магчыма дзякуючы развіццю інфраструктуры ў рамках будаўніцтва ЦКП.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneShutterstock.com

У 2027 годзе з Варшавы ў Лодзь на цягніку можна будзе дабрацца за 45 хвілін. Адлегласць па чыгунцы складае 113 кіламетраў.

Упаўнаважаны ўраду па пытаннях будаўніцтва Цэнтральнага камунікацыйнага порту (ЦКП) Марцін Гарала (Marcin Horała) распавёў, што будзе гэта магчыма дзякуючы развіццю інфраструктуры ў рамках будаўніцтва ЦКП.

- Гэта лінія з Варшавы праз Цэнтральны камунікацыйны порт у Лодзь. Яна дазволіць дабрацца да ЦКП з Цэнтральнага вакзалу ў Варшаве за 15 хвілін, а падарожжа з Лодзі да ЦКП зойме каля паўгадзіны. Цягнікі будуць курсаваць вельмі часта, асабліва ў гадзіне пік. Гэта будзе прарыў у падарожжах паміж Лоддзю і Варшавай, яны ў пэўным сэнсе стануцца адным горадам. Можна будзе жыць у адным, працаваць у другім, паехаць за пакупкамі або ў тэатр.

Намеснік міністра інфраструктуры Марцін Гарала дадаў, што ў рамках рэканструкцыі Заходняга чыгуначнага вакзалу ў Варшаве ўжо збудаваныя першыя некалькі кіламетраў адпаведнай чыгуначнай лініі. Нядаўна было падпісана пагадненне аб тэхнічным, эканамічным і экалагічным даследаванні па маршруце Варшава-ЦКП-Лодзь. Гэта заключны падрыхтоўчы этап, за якім ідзе праектаванне і будаўніцтва ўсёй лініі.

iar/нг