Беларуская Служба

На выставе ў Варшаве можна паглядзець, як Польшча дапамагала Беларусі ў сувязі з кавідам

07.07.2021 15:53
На выставе прадстаўлены фатаграфіі, якія паказваюць, у прыватнасці, канвоі з гуманітарнай дапамогай.
Павал Яблоньскі PAP/Albert Zawada

У галерэі пад адкрытым небам парка «Каралеўскія лазенкі» можна глядзець выставу Міністэрства замежных спраў «Польская дапамога ў барацьбе з пандэміяй COVID-19». На выставе прадстаўлены фатаграфіі, якія паказваюць, у прыватнасці, канвоі з гуманітарнай дапамогай, накіраваныя падчас распаўсюджвання пандэміі ў Беларусь, Украіну, Малдову, Арменію, Індыю і Заходнія Балканы.

Выставу адкрыў намеснік міністра замежных спраў Павел Яблонскі. Ён падкрэсліў, што з моманту ўспышкі пандэміі Польшча пачала барацьбу не толькі з наступствамі каранавіруса ў краіне, але і дапамагала краінам, якія звярнуліся па дапамогу.

-На выставе паказаная невялікая частка. Гэта была рэчавая дапамога, мы высылалі тэхніку, сродкі асабістай аховы, лекі, іншае абсталяванне медычных пляцовак. Дапамога трапіла ў 40 краін свету. Па сушы дапамогу развазілі 70 грузавікоў, таксама авіятранспартам.

Намеснік міністра нагадаў, што гэта не толькі матэрыяльная дапамога.

-Гэта таксама дапамога медыцынскага персаналу. Нашыя спецыялісты ездзілі дапамагаць у краіны, якія больш развітыя, але апынуліся ў патрэбе. Медыкі былі ў Італіі, у ЗША, Цэнтральнай Азіі.

На выставе прадстаўленыя фотаздымкі, зробленыя прафесійнымі фатографамі і людзьмі, якія ўдзельнічалі ў рэалізацыі саміх мерапрыемстваў. Выставу можна паглядзець да канца ліпеня.

ав