Беларуская Служба

Польшча прапануе Беларусі гуманітарную дапамогу для нелегальных мігрантаў на мяжы

24.08.2021 10:28
Пакуль што беларускі бок не даў адказу, ці Беларусь прыме гуманітарны груз.
   -
Польскія памежнікі на польска-беларускай мяжыфота: PAP/Artur Reszko

Польшча прапануе Беларусі гуманітарную дапамогу, якую можна накіраваць нелегальным мігрантам, што знаходзяцца на беларуска-польскай мяжы па беларускім баку. Польскія памежнікі не прапускаюць іх праз мяжу.

Па інфармацыі віцэ-міністра замежных спраў Марціна Пшыдача, пакуль што беларускі бок не даў адказу, ці Беларусь прыме гуманітарны груз. Беларускі дыпламат паведаміў, што чакаюць рашэнне вышэйшай інстанцыі.

Лукашэнка правакуе міграцыйны крызіс і канфлікты на мяжы, паколькі такім чынам ён спадзяецца схіліць палітыкаў ЕС да перамоваў, – мяркуе палітолаг Павел Усаў.

- Як мы бачым, праблема бяспекі і праблема нелегальнай міграцыі для Еўропы важнейшая, чым правы чалавека ў Расіі ці Беларусі. Лукашэнка можа гэта выкарыстаць – справакаваць яшчэ большую хвалю мігрантаў, а потым пайсці на саступкі.

Гуманітарны груз з Польшчы знаходзіцца ўжо на мяжы, каб максімальна хутка можна было перадаць яго беларускаму боку.

нг