Беларуская Служба

Мінабароны: Надзвычайнае становішча прывяло да скарачэння колькасці правакацый на польска-беларускай мяжы

14.09.2021 09:08
Палякі пабудавалі на мяжы з Беларуссю амаль 60 кіламетраў плота і 140 кіламетраў агароджы з калючага дроту.
Марыюш Блашчак Foto: Andrzej Gralewski/Polskie Radio

Увядзенне надзвычайнага становішча прывяло да скарачэння колькасці правакацый на польска-беларускай мяжы, лічыць міністр нацыянальнай абароны. Паводле Марыюша Блашчака (Mariusz Błaszczak), гэтаму спрыяе таксама агароджа, якую на мяжы дапамагаюць будаваць польскія жаўнеры:

-Да гэтай пары былі пабудаваныя 60 кіламетраў двухметровага плота і 130 кіламетраў агароджы з калючага дроту. Войска Польскае пастаянна дапамагае памежнікам, каб польская мяжа была бяспечная. Увядзенне надзвычайнага становішча ў памежнай зоне з Беларуссю несумненна зменшыла памер пагрозы на мяжы.

Міністр Марыюш Блашчак таксама сказаў, што агароджа на мяжы – гэта часовае рашэнне. Ейнае будаўніцтва пачалося ў канцы жніўня, пасля таго, як польскую мяжу з боку Беларусі пачалі масава перасякаць мігранты. У памежнай зоне ўздоўж польска-беларускай мяжы дзейнічае надзвычайнае становішча, якое было ўведзенае 2 верасня рашэннем прэзідэнта і па просьбе Савета міністраў.

IAR/аз