Варшава хоча выкарыстоўваць АБСЕ як форум для дыялогу па найважнейшых глабальных выкліках.
Прэсавы сакратар МЗС Лукаш Ясіна сказаў Польскаму радыё, што Польшча будзе звяртаць увагу перш за ўсё на канфлікты і крызісы, а таксама на сітуацыю грамадстваў, якіх яны закранулі. Варшава таксама абвясціла, што будзе рэагаваць на выклікі звязаныя з пандэміяй.
«АБСЕ з'яўляецца арганізацыяй, якая на дадзены момант застаецца адзіным форумам у Еўропе, у якім удзельнічаюць еўрапейскія краіны, а таксама Расія і ЗША. Падчас нашага старшынства будзем спасылацца на асноўны прынцып польскай знешняй палітыкі, які базуецца на вяршынстве міжнароднага права ў адносінах паміж дзяржавамі», – запэўніў Лукаш Ясіна.
Сярод членаў АБСЕ таксама ЗША, Канада і краіны Цэнтральнай Азіі.
Лукаш Ясіна прызнаў, што ў АБСЕ няма магчымасці ўводзіць санкцыі, але яна можа ініцыяваць місіі назіральнікаў.
Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў паведаміў, што ў сувязі з польскім старшынствам міністр Збігнеў Раў зрэалізуе шмат замежных візітаў. 13 студзеня ў штаб-кватэры АБСЕ ў Вене кіраўнік дыпламатыі прадставіць прыярытэты дзейнасці Варшавы. Польскага міністра таксама запрашаюць наведаць штаб-кватэру ААН у Нью-Ёрку, а таксама, сярод іншых, у Маскву і Кіеў.
У рамках старшынства Польшча будзе супрацоўнічаць у межах г.зв Трыо АБСЕ з папярэднім і наступным старшынствамі – Швецыяй і Паўночнай Македоніяй. Польшча другі раз узначальвае працу АБСЕ. Раней краіна старшынствавала ў 1998 годзе.
АБСЕ абʼядноўвае 57 дзяржаў. Яна бярэ пачатак з Заключнага акта Нарады па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, падпісанага ў Хельсінкі ў 1975 годзе. Афіцыйнае рашэнне аб пераўтварэнні НБСЕ ў АБСЕ было прынята падчас канферэнцыі ў Будапешце ў 1994 годзе.
IAR/яс