Беларуская Служба

Мільёны ўкраінцаў знайшлі часовы прытулак у Польшчы

19.04.2022 15:23
Дзясяткі тысяч змаглі знайсці сабе працу дзякуючы новым законам пра свабодны доступ да рынку працы.
Ілюстрацыйны здымакPAP/Rafał Guz

З пачатку расійскага нападу на Украіну ў Польшчу прыехалі 2 мільёны 838 тысяч украінскіх уцекачоў.

Учора праз мяжу прайшлі 20 тысяч чалавек, што на 16% больш у параўнанні з папярэднім днём.Сёння а 07:00 раніцы ў Польшчу ўехалі 5 800 уцекачоў з Украіны. З пачатку вайны з Польшчы ва Украіну выехала 738 тысяч чалавек.

Амаль 70 тысяч грамадзян Украіны, якія прыехалі ў Польшчу, ратуючыся ад вайны, знайшлі працу ў нашай краіне, паведаміла міністр сям'і і сацыяльнай палітыкі Марлена Маланг.

Палітык звяртае ўвагу на тое, што закон аб дапамозе Украіне дае грамадзянам Украіны свабодны доступ да польскага рынку працы. Як патлумачыла міністр, дадзены закон дазваляе грамадзянам Украіны легальна знаходзіцца ў Польшчы на ​​працягу 180 дзён. Гэтае легальнае знаходжанне таксама звязана з доступам да рынку працы.
Марлена Маланг падкрэсліла, што працадаўца павінен цягам 14 дзён пасля прыёму на працу ўкраінца паведаміць у кампетэнтную службу занятасці, што праца даручана іншаземцу. Міністр дадала, што грамадзяне Украіны могуць зарэгістравацца ў службах занятасці і выкарыстоўваць такія інструменты прафесійнай актывізацыі, як працаўладкаванне, кансультаванне па пытаннях кар'еры і навучанне. Яны таксама могуць шукаць працу праз вэб-сайты і адмысловыя парталы.

Найбольшая колькасць грамадзян Украіны працаўладкавалася ў Мазавецкім ваяводстве, Вялікапольскім і Ніжняй Сілезіі.

Амаль палова ўкраінцаў выконвае простую працу, 8,5% - офісныя служачыя, 4% - спецыялісты. Каля 14 працэнтаў — прамысловыя рабочыя і рамеснікі, больш за 10 працэнтаў — работнікі сферы абслугоўвання і збыту.
ПР/юл