Беларуская Служба

З 9 ліпеня Польшча спрашчае працэдуры атрымання дазволу на часовае пражыванне для грамадзян Беларусі з гуманітарнай візай

08.07.2022 07:40
Умовай выдачы дазволу на часовае пражыванне з'яўляецца знаходжанне грамадзяніна Беларусі на тэрыторыі Польшчы на ​​падставе польскай гуманітарнай візы непасрэдна перад падачай заявы на атрыманне дазволу.
Аўдыё

З 9 ліпеня г.г. Варшава спрашчае працэдуры атрымання дазволу на часовае пражыванне для грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў Польшчы на падставе т.зв. гуманітарнай візы, паведамляецца на ўрадавым сайце. Гэта яшчэ адна праява асаблівай падтрымкі з боку Польшчы беларускага грамадства, якое церпіць рэпрэсіі ў сваёй краіне са жніўня 2020 года.

9 ліпеня 2022 года ўступае ў сілу пастанова, якая дазволіць грамадзянам Беларусі звяртацца за новым відам дазволу на часовае пражыванне. Гэта датычыцца асоб, якія знаходзяцца ў Польшчы на ​​падставе нацыянальных віз з наклейкай «D 21».

Умовай выдачы дазволу на часовае пражыванне з'яўляецца знаходжанне грамадзяніна Беларусі на тэрыторыі Польшчы на ​​падставе польскай гуманітарнай візы непасрэдна перад падачай заявы на атрыманне дазволу.

Гэта таксама будзе датычыцца выпадкаў, калі тэрмін знаходжання і тэрмін дзеяння нацыянальнай візы падоўжаны ў сувязі са станам эпідэмічнай пагрозы, а грамадзянін Беларусі працягвае знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы на ​​падставе падоўжанай гуманітарнай візы.

Новы спосаб легалізацыі знаходжання для грамадзян Беларусі дае наступныя перавагі:

- дазвол выдаецца тэрмінам на 3 гады
- выдача дазволу будзе вызвалена ад гербавага збору
- уладальнік гэтага віду на часовае пражыванне будзе вызвалены ад абавязку мець дазвол на працу
- з 1 студзеня 2023 г. уладальнік такога віду дазволу на часовае пражыванне зможа хадайнічаць аб выдачы польскага падарожнага дакумента для замежніка.

Дазвол на часовае пражыванне выдаецца ваяводам па месцы знаходжання грамадзяніна Беларусі. У ваяводскіх упраўленнях такімі справамі займаюцца аддзелы па справах грамадзян і іншаземцаў, а ў Мазавецкім, Малапольскім і Вялікапольскім ваяводскіх упраўленнях – аддзелы па справах іншаземцаў. Хадайніцтва аб атрыманні дазволу на часовае пражыванне падаецца разам з асабістай яўкай у ваяводскую ўправу. Інфармацыю аб арганізацыі працы ваяводскіх упраўленняў і прыёме імі заявак можна атрымаць непасрэдна ў гэтых установах.

яс