Беларуская Служба

Прадстаўнікам Расіі і Беларусі не дазволілі ўдзельнічаць у сесіі ПА АБСЕ ў Варшаве

24.11.2022 11:14
Дэбаты Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе прысвячаюцца вайне ва Украіне, яе ўплыву на эканоміку і навакольнае асяроддзе ды на бяспеку еўрапейскага кантынента.
У Варшаве праходзіць восеньская сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕPAP/Albert Zawada

На паседжанні ў польскім парламенце прымае ўдзел каля 200 дэлегатаў з 52 краінаў. Прадстаўнікі Расіі і Беларусі не ўдзельнічаюць у дэбатах. Польшча адмовіла ім у выдачы візаў.

Старшыня польскай дэлегацыі на сесію ПА АБСЕ Барбара Бартусь з партыі «Права і справядлівасць» патлумачыла, што рашэнне было прынята па ўзгадненні з кіраўнікамі Сейму і Сенату.

- Мы не згодныя з тым, каб Расія ўдзельнічала ў дэбатах у сітуацыі, калі яна не паважае ніякіх прынцыпаў ні правілаў АБСЕ. Не хочам таксама ўдзелу Беларусі, якая адкрыта пераследуе польскую меншасць.

Парламенцкая асамблея АБСЕ была створана ў 1992 годзе. Яе галоўная задача – спрыяць міжпарламенцкаму дыялогу для рэалізацыі задач АБСЕ. Членамі Асамблеі з'яўляюцца 323 парламентарыі з 57 краін.

IAR/яс