Першае беларускае незалежнае тэлебачанне «Белсат» сёння адзначае 15-годдзе.
Ад самага пачатку перадачы ствараліся беларускімі журналістамі ў Беларусі і Польшчы, у тым ліку на Беласточчыне. Два гады таму падчас паслявыбарчых пратэстаў тэлебачанне было адной з асноўных крыніц інфармацыі пра падзеі. Год таму рэжым Аляксандра Лукашэнкі прызнаў «Белсат» экстрэмісцкай арганізацыяй. Дзве журналісткі станцыі Кацярына Андрэева і Ірына Сальнікава знаходзяцца ў беларускай турме. Большасць супрацоўнікаў «Белсату» былі вымушаныя пакінуць Беларусь.
«Белсат» вяшчае праз спадарожнік, які ахоплівае еўрапейскую частку былога СССР. Ва Украіне ён даступны ў большасці кабельных сетак. У Польшчы яго могуць глядзець карыстальнікі каля 20% кабельных сетак. Праграма станцыі транслюецца ў жывым эфіры на сайце belsat.eu, канале станцыі на платформе YouTube, а таксама ў дадатку BelsatSmart VOD для тэлевізараў з аперацыйнымі сістэмамі Android і iOS. У Беларусі ён недаступны ні ў кабельных сетках, ні на лічбавых платформах з-за забароны беларускіх уладаў.
Праграма выходзіць штодня, у сярэднім па 19 гадзін. Калектыў складаецца з больш чым 300 штатных і няштатных супрацоўнікаў.
iar/нг