Беларуская Служба

Студэнт з польскага Гданьска стаў кандыдатам медыцынскіх навук у 23 гады

12.12.2022 15:36
Кандыдацкая праца Войцеха Назара прысвечаная тэме забруджання паветра, у тым ліку ў перыяд эпідэміі COVID-19.
Войцех НазарYouTube/Gdański Uniwersytet Medyczny/screen

23-гадовы студэнт Гданьскага медыцынскага ўніверсітэту Войцех Назар стаў кандыдатам медыцынскіх навук. Кандыдацкую працу маладзён абараніў, будучы на пятым курсе ўніверсітэту. Медыцынскі ўніверсітэт у Гданьску паведаміў, што Войцех – другі па ліку студэнт іх ВНУ і пяты ў Польшчы, хто званне кандыдата навук атрымаў да заканчэння ўніверсітэту.

Кандыдацкая праца Войцеха Назара прысвечаная тэме забруджання паветра, у тым ліку ў перыяд эпідэміі COVID-19. Сам кандыдат медыцынскіх навук сказаў, што абарона дысертацыі ў настолькі маладым узросце для яго з’яўляецца штуршком для працягу навуковай працы.

Войцех Назар – стыпендыят міністра аховы здароўя, шматразовы атрымальнік спецыяльнай стыпендыі рэктара Гданьскага медыцынскага ўніверсітэту. Праходзіў навукова-клінічныя стажыроўкі ў Лейпцыгу і Магдэбургу, прымаў удзел у студэнцкіх абменах.

Самым маладым у Польшчы прафесарам медыцынскіх навук стаў Матэвуш Холда, які сёлета ва ўзросце 30 гадоў атрымаў гэты тытул. Ён жа стаў наймаладзейшым доктарам медыцынскім навук, абараніўшы ў 2020 годзе дысертацыю ва ўзросце 28 гадоў.

вс