На сайце мытні Літвы з'явілася дадатковае пацвярджэнне інфармацыі аб закрыцці з 16 лютага чыгуначнага пункта пропуску «Стасілас» для грузавых цягнікоў з Беларусі, заўважыў @reformby.
Рух цягнікоў зараз будзе магчымы толькі праз пункт пропуску «Кяна». Рашэнне аб закрыцці пункта «Стасілас» звязана з адсутнасцю рэнтгенаўскай сістэмы кантролю на станцыі Стасілас. Яе плануецца ўстанавіць да канца 2024 года, высветліў ТГ-канал «МатолькаДапамажы».
«Гэтыя меры прымаюцца ў сувязі з вялікімі патокамі кантрабанды, якая перавозіцца цягнікамі з Беларусі, і звязанай з гэтым павышанай пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы», – тлумачыць мытня.
Таксама сказана, што ў апошнія гады абʼём кантрабанды, у першую чаргу цыгарэт, з Беларусі праз «Стасілас» значна вырас. У 2022 годзе на гэты пункт прыйшлося 87% цыгарэт, перахопленых на чыгунцы. У той жа час абʼём кантрабанднага патоку праз Кяну знізіўся пасля ўстаноўкі там рэнтгенаўскага комплексу.
ав/«МатолькаДапамажы»