Беларуская Служба

У вагонах-рэстаранах на польскай чыгунцы – новае меню (ЦЭНЫ)

25.05.2023 14:43
Вагоны-рэстараны курсуюць у складзе цягнікоў далёкага следавання, міжнародных і экспрэсаў.
  - WARS
Афіцыянтка ў вагоне-рэстаране WARSфота: facebook.com/wars.podrozepelnesmaku

Аператар вагонаў-рэстараў WARS польскай дзяржаўнай чыгуначнай кампаніі ўвёў новае меню. Кліенты рэстаранаў на колах заўважылі, што большасць страваў і напояў падаражалі. І так, цяпер яечня з салатам і хлебам каштуе 20 злотых 50 грошаў (15 беларускіх рублёў 70 капеек), адварныя каўбаскі з салатам і печывам – 22 злотыя 50 грошаў (17 рублёў 30 капеек), варэнікі (7 штук) – 29 злотых 50 грошаў (22 рублі 70 капеек), адбіўная катлета з гарнірам – 39 злотых 50 капеек (30 рублёў 40 капеек), шарлотка – 14 злотых 50 капеек (11 рублёў 15 капеек).

Калі казаць пра напоі, то кава каштуе 9 злотых (7 рублёў), гарбата – 8 злотых 50 грошаў (6 рублёў 50 капеек), а цэны піва пачынаюцца ад 13 злотых (10 рублёў). Гэта цэны толькі некаторых пазіцый меню, якое ўтрымлівае даволі шырокі асартымент страваў і напіткаў. Варта зазначыць, што ўсе стравы гатуюцца на месцы ў вагоне-рэстаране, а не разаграваюцца.

Кампанія патлумачыла, што падаражэнне звязанае з ростам коштаў гаспадарчай дзейнасці і інфляцыяй.

Прадпрыемства вагонаў-рэстаранаў і спальных вагонаў WARS было заснаванае ў 1948 годзе. Вагоны-рэстараны курсуюць у складзе цягнікоў далёкага следавання, міжнародных і экспрэсаў.

Пры гэтым варта зазначыць, што мінімальная ўстаноўленая законам зарплата складае ў Польшчы 2 тыс. 709 злотых «чыстымі» (2 тыс. 83 рублі), сярэдняя па краіне «чыстымі» – 7 тыс. 430 злотых (5 тыс. 715 рублёў), а мінімальная гадзінная стаўка – 22 злотыя 80 грошаў (17 рублёў 60 капеек).

вс