Беларуская Служба

«Паведамленні пра тое, што беларусы і ўкраінцы атрымліваюць польскую пенсію пасля мінімальнага стажу працы, з’яўляюцца маніпуляцыяй»

10.06.2023 10:44
«З’яўленне ў польскім грамадстве меркавання, што да палякаў уласная ж дзяржава адносіцца горш, чым да грамадзян іншых краін, гэта адна з мэтаў расійскай прапаганды».
Польскі злотыAndrzej Rostek/Shutterstock

«Паведамленні пра тое, што беларусы і ўкраінцы атрымліваюць польскую пенсію пасля мінімальнага стажу працы, з’яўляюцца маніпуляцыяй», – напісаў упаўнаважаны ўраду Польшчы па справах бяспекі ў інфармацыйнай прасторы Станіслаў Жарын. Такім чынам чыноўнік пракаментаваў паведамленні некаторых польскіх СМІ пра тое, што нібыта для таго, каб атрымаць мінімальную польскую пенсію, грамадзянам Беларусі і Украіны хопіць унесці адзін узнос у Дзяржаўны фонд сацыяльнага страхавання.

«Небяспека згаданага паведамлення заключаецца ў тым, што яно можа быць выкарыстана для маніпуляцыі ў польскім грамадстве», – зазначыў Жарын. «З’яўленне ў польскім грамадстве меркавання, што да палякаў уласная ж дзяржава адносіцца горш, чым да грамадзян іншых краін, гэта адна з мэтаў расійскай прапаганды», – падкрэсліў Жарын.

Паведамленні ў СМІ таксама пракаментаваў прадстаўнік Дзяржаўнага фонду сацыяльнага страхавання Польшчы. «Адзін узнос, адлічаны ў сацыяльны фонд, не дае іншаземцу права на польскую пенсію. Для яе атрымання неабходна выканаць шэраг умоў», – паведаміў польскі сацстрах. Пры гэтым фонд падкрэсліў, што адной з умоў з’яўляецца пражыванне іншаземца на тэрыторыі Польшчы: калі ён жыве ў іншай краіне, то пенсія не можа быць выплачаная.

Дзяржаўны фонд сацыяльнага страхавання таксама паведаміў, што ў 2021 годзе польскую пенсію атрымлівала 1 тыс. 215 грамадзян Украіны, у 2022-м – 1 тыс. 205, а ў 2023-м – 1 тыс. 170.

Статыстычныя дадзеныя адносна грамадзян Беларусі не паведамляюцца.

вс