Беларуская Служба

Прэм’ер Туск: Праблема не ў дрэннай Канстытуцыі, але ў яе шматгадовым парушэнні

25.01.2024 14:11
Кіраўнік польскага ўраду запэўніў, што ён гатовы размаўляць пра ўнясенне неабходных зменаў у Асноўны закон.
-
Прэм'ер-міністр Дональд ТускPAP/Marcin Obara

Прэм’ер Дональд Туск заявіў, што ў любы момант гатовы абмяркоўваць унясенне неабходных змяненняў у Канстытуцыю. Падчас размовы з журналістамі ў Сейме ён нагадаў, што дзеля змены Асноўнага закона неабходная канкрэтная парламенцкая большасць.

«Безумоўна, Канстытуцыя не ва ўсіх аспектах вытрымлівае праверку. Хаця не будзем падманваць сябе, калі ў кагосьці ёсць злая воля, то любую, нават ідэальную Канстытуцыю, ён будзе выкарыстоўваць так, як захоча», – сказаў ён.

На думку прэм’ера, «праблема не ў дрэннай Канстытуцыі, а ў яе шматгадовым парушэнні»:

- Узніклі надзвычайныя эмоцыі, і добра бачна, што Польшча таксама падзелена такім чынам, што розныя палітычныя лагеры інтэрпрэтуюць Канстытуцыю вельмі адвольна. Варта задумацца над такім магчымым палажэннем, якое выключыла б свабоду інтэрпрэтацыі Асноўнага закона.

Прэм'ер таксама адзначыў, што калі прэзідэнт Анджэй Дуда знойдзе час сурʼёзна пагаварыць аб змене Канстытуцыі, ён будзе на гэта адкрыты.

Нагадваем, кааліцыйная Польская народная партыя хоча ўключыць у Канстытуцыю раздзел пра Канстытуцыйны суд. Крайне правая «Канфедэрацыя» таксама прадставіла свае прапановы наконт «канстытуцыйнай перазагрузкі». Усё гэта з мэтай завяршэння цяперашняга прававога крызісу ў Польшчы.

Нагадаем, падчас васьмі гадоў кіравання Аб’яднаныя правыя сілы рэфармавалі прававую сістэму Польшчы. 15 кастрычніка, пасля выбараў, уладу ў Польшчы пераняла апазіцыйная кааліцыя, у склад якой уваходзяць: «Грамадзянская кааліцыя», «Трэцяя дарога» і «Новыя левыя сілы». Новыя ўлады праводзяць інтэнсіўныя дзеянні, мэта якіх – адмяніць змены, уведзеныя правымі сіламі пад кіраўніцтвам Яраслава Качыньскага. Новы ўрад Дональда Туска тлумачыць, што папярэдняя ўлада мяняла права з парушэннем Канстытуцыі. З гэтым катэгарычна не згаджаецца Яраслаў Качыньскі і ягоныя паплечнікі, і абвінавачваюць новае кіраўніцтва краіны ў парушэнні Канстытуцыі.

IAR/аз

Прэм'ер-міністр Польшчы пасля візіту ў Кіеў: Украіна цяпер змагаецца за бяспеку ўсяго свету

23.01.2024 13:44
«Сёння ў свеце няма больш надзейнага палітыка, які працуе на карысць міру, чым прэзідэнт Зяленскі»