Па словах міністра сельскай гаспадаркі Чэслава Сякерскага, польскі ўрад імкнецца, каб гандаль сельскагаспадарчай прадукцыяй з Украінай быў ліцэнзаваны Кіевам і ў той жа час знаходзіўся пад кантролем польскага боку. Польшча хацела б мець магчымасць хутка рэагаваць на яго ў выпадку праблем. Кіраўнік міністэрства ў эфіры Першай праграмы Польскага радыё паведаміў, што зараз вядуцца перамовы з Украінай на гэтую тэму.
Чэслаў Сякерскі лічыць, што да падпісання пагаднення з Кіевам трэба захоўваць польскае эмбарга на некаторыя ўкраінскія сельскагаспадарчыя тавары.
- Да таго часу, пакуль мы не вырашым усе пытанні, пры каардынацыі з боку Еўрапейскай камісіі, мы не можам адмяніць блакады. Справа ў тым, што Еўрапейская камісія гэтым займаецца. Акрамя таго, ёсць яшчэ гандаль цукрам, птушкай, яйкамі, садавіной. Гэта далікатныя пытанні, якія неабходна дакладна абмеркаваць.
Міністр сельскай гаспадаркі дадаў, што Украіна гатовая дамаўляцца. Ён адзначыў, што сітуацыя на збожжавым рынку паляпшаецца дзякуючы зняццю блакады чарнаморскага шляху.
Чэслаў Сякерскі таксама пазітыўна ацаніў пратэсты фермераў у краінах ЕС, у тым ліку ў Польшчы і Германіі, бо яны, на ягоную думку, умацоўваюць пазіцыю ўраду ў перамовах з Еўракамісіяй па пытаннях, датычных сельскагаспадарчых праблем.
IAR/нг