Беларуская Служба

Польскія фермеры пашыраюць пратэст, з аўторка - блакада мяжы з Украінай

17.02.2024 14:19
Фермеры пратэстуюць, у прыватнасці, супраць бескантрольнага імпарту сельскагаспадарчых тавараў з Украіны.
   .
Пратэсты фермераў у Польшчы.Фота: PAP/Marcin Bielecki

Польскія фермеры не спыняюць акцыі пратэсту. Каля памежных пераходаў з Украінай пратэст нават узмацняецца. З пятніцы фермеры пратэстуюць не толькі ў Медыцы, але і ў Карчовай. Фермеры прапускаюць на мясцовы тэрмінал КПП пяць грузавікоў у гадзіну, а ў Медыцы – адзін грузавік у гадзіну. Гэта не датычыцца грузаў ваеннай і гуманітарнай дапамогі.

Раман Кондраў з арганізацыі Podkarpacka Oszukana Wieś (Падкарпацкая ашуканая вёска) паведаміў Радыё Жэшаў, што ў аўторак сельскагаспадарчы пратэст будзе ўзмацняцца па ўсёй краіне. Ён дадаў, што не бачыць жадання супрацоўнічаць з боку ўрада. Кондраў падкрэсліў, што тых, хто пратэстуе на мяжы, падтрымліваюць фермеры з усёй Польшчы.

- У аўторак будзе цалкам перакрытая мяжа, з намі салідарныя фермеры з усё краіны. У нас вельмі цяжкая сітуацыя, калі назіраецца імпарт з усходу. Акрамя таго, наш прэм’ер-міністр, нашы кіраўнікі дзяржавы не звязваюцца з намі, не паказваюць, што яны намераныя з намі супрацоўнічаць.

Паводле апошніх звестак сайта granica gov.pl, разліковы час чакання грузавікоў на перасячэнні мяжы ў Медыцы павялічыўся да 450 гадзін, а ў Карчовай скараціўся да 91 гадзіны. На пад'ездах да памежных пераходаў утвараюцца вялікія чэргі грузавікоў.

Фермеры пратэстуюць, у прыватнасці, супраць бескантрольнага імпарту сельскагаспадарчых тавараў з Украіны і палітыкі ЕС «Зялёны парадак».

IAR/нг