Беларуская Служба

28 сакавіка ў Варшаве адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў польскага і ўкраінскага ўрадаў

22.02.2024 15:17
28 сакавіка ў Варшаве адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў польскага і ўкраінскага ўрадаў. Пра гэта паведаміў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск.
Аўдыё

Прэм'ер-міністр адзначыў, што Польшча цалкам забяспечвае перавозку зброі і гуманітарнай дапамогі ва Украіну. Ён дадаў, што сустрэчы лідараў Польшчы і Украіны, пра якую прасіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, у бліжэйшы час не будзе.

Падчас прэсавай канферэнцыі кіраўнік ураду падкрэсліў, што польская дзяржава абавязаная абараняць інтарэсы польскіх фермераў і сельгасвытворцаў. Пры гэтым ён нагадаў, што Польшча з першых дзён вайны і нават раней на баку Украіны і падтрымлівае Украіну ўсімі даступнымі сродкамі.

«Не можам дазволіць, каб на польска-ўкраінскай мяжы былі актыўныя асобы, якія яўна і нахабна падтрымліваюць Пуціна, служаць расійскай прапагандзе, кампраметуюць Польшчу, нас, палякаў, і кампраметуюць пратэстуючых. Кожная такая атака ў публічнай прасторы – гэта падтрымка прапуцінскіх наратываў. І будзем спадзявацца, што і пратэстуючыя, і розныя службы зробяць з гэтага высновы. Мы не будзем да гэтага талерантныя ні ў якім выпадку», – сказаў Дональд Туск.



Прэмʼер-міністр Дональд Туск заклікаў раздзяліць пытанні ва ўнутранай і міжнароднай дыскусіі, гэта значыць бясспрэчную падтрымку Украіны і абарону польскіх фермераў і польскага рынку ад негатыўных наступстваў лібералізацыі гандлю з Украінай.

- Мы не спыняем прыкладаць намаганні для абароны інтарэсаў польскіх фермераў, пастаянна размаўляем як з украінскім бокам, так і з Еўракамісіяй, – запэўніў Дональд Туск.

Прэмʼер-міністр заявіў, што адна з задач урада, якую ён выконвае, – гэта забеспячэнне на мяжы прапускной здольнасці ваенных канвояў і гуманітарнай дапамогі, якія накіроўваюцца ва Украіну.

– Забяспечыць на сто працэнтаў, гарантуючы, што ваенная дапамога, тэхніка, боепрыпасы, гуманітарная і медыцынская дапамога паступяць украінскаму боку без затрымак, мы ўнясем у спіс абʼектаў крытычнай інфраструктуры памежныя пераходы з Украінай і ўказаныя ўчасткі дарог і чыгуначных шляхоў. Гэта пытанне бліжэйшых некалькіх гадзін, – абвясціў Туск.

Дональд Туск падкрэсліў, што гэта будзе азначаць «іншы тып арганізацыйнага рэжыму» на гэтых пераходах і падʼязных дарогах.

IAR/вх