Беларуская Служба

Прэм'ер-міністр Польшчы прыняў у Варшаве старшыню Еўракамісіі і прэмʼер-міністра Бельгіі

23.02.2024 12:31
Перамовы датычаць важных для Польшчы спраў. 
          ( - -  ).
Аляксандр Дэ Кро і Урсула фон дэр Ляен у Варшаве (пасярэдзіне - прэм'ер-міністр Дональд Туск).Фота: PAP/Leszek Szymański

Прэм'ер-міністр Дональд Туск прывітаў старшыню Еўракамісіі Урсулу фон дэр Ляен і прэмʼер-міністра Бельгіі Аляксандра дэ Кро. Бельгія ўзначальвае працу ЕС у гэтым паўгоддзі.

Перамовы датычаць важных для Польшчы спраў. Вядома, што Брусель прыме першую польскую заяўку на выплату больш як 6,3 млрд еўра з Нацыянальнага плану адбудовы (KPO Krajowy Plan Odbudowy). Аднак спачатку павінны прыняць рашэнне камісары ЕС, што адбудзецца на наступным тыдні. Паколькі ў Страсбургу праходзіць сесія Еўрапарламента, пасяджэнне камісіі адбудзецца ў аўторак. Пазней рашэнне камісіі павінны зацвердзіць краіны ЕС. Гэта значыць, што грошы можна будзе выплаціць на мяжы сакавіка і красавіка.

Польскія і еўрапейскія дыпламаты некалькі месяцаў таму заявілі, што ў выпадку разблакавання KPO, які складае для Польшчы амаль 60 мільярдаў еўра, аўтаматычна будзе знятая блакада і з фондаў згуртаванасці ЕС – прыкладна 76 мільярдаў еўра. Грошы дагэтуль не паступалі, бо Еўракамісія абвінаваціла Польшчу ў недастатковай незалежнасці судовай сістэмы. Рэформы, уведзеныя новым урадам у сістэме правасуддзя, мелі на мэце пераканаць Камісію разблакаваць сродкі. На гэтым тыдні міністр юстыцыі Адам Боднар быў у Бруселі і прэзентаваў пакет законаў, якія плануецца прыняць у будучыні.

Перамовы ў Варшаве таксама будуць датычыць пратэстаў фермераў і пытанняў Украіны. Тым больш, што візіт кіраўніка Еўракамісіі і прэмʼер-міністра Бельгіі праходзіць напярэдадні другой гадавіны нападу Расіі на Украіну. Урсула фон дэр Ляен і Аляксандр Дэ Кро таксама збіраюцца наведаць Кіеў.

IAR/нг