Беларуская Служба

Атрымлівалі страхавыя кампенсацыі ў Польшчы за фіктыўныя смерці ў ЗША. Сярод затрыманых – музыка гурта Kult

29.02.2024 10:31
Супрацоўнікі паліцыі Варшавы затрымалі трох чалавек, якія падазраюцца ў атрыманні кампенсацый ад страхавых кампаній за фіктыўныя выпадкі гібелі людзей у аўтакатастрофах у ЗША.
.
.gov.pl

Па дадзеных паліцыі, падазраваныя выкарыстоўвалі падробленыя амерыканскія дакументы і падробленыя пасведчанні аб смерці. Па справе ўжо прад'яўленыя абвінавачанні, адзін з падазраваных – музыка гурта Kult.

– Гэтая злачынная дзейнасць цягнецца як мінімум з 2021 года. Менавіта тады ў Злучаных Штатах Амерыкі ў нібыта ДТЗ «загінуў» першы чалавек. Падазраваныя на падставе падробленых дакументаў атрымалі пасведчанне аб смерці, якое яны прадставілі дзвюм страхавым кампаніям у Польшчы, і на падставе гэтага атрымалі кампенсацыю па полісах страхавання жыцця на агульную суму больш за 1 мільён злотых, – паведаміў прэс-сакратар паліцыі Робэрт Шумята.

Такім жа чынам махляры спрабавалі атрымаць яшчэ 800 тысяч злотых, але гэтаму перашкодзілі супрацоўнікі аднаго з банкаў і паліцыі.

Сярод падазраваных у махлярстве – музыка Пётр М., звязаны з гуртом Kult, яго партнёрка і яе 37-гадовы сын.

Падазраваным пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Kult – вядомы польскі музычны гурт, які грае пераважна альтэрнатыўны рок, заснаваны ў 1982 годзе ў Варшаве.

Паводле tvnwarszawa.pl/вх