Беларуская Служба

Агнешка Холанд – лаўрэатка Польскай узнагароды кіно «Арлы»

29.02.2024 19:05
Агнешка Холанд – лаўрэатка Польскай узнагароды кіно «Арлы» «за жыццёвыя дасягненні». Статуэтку рэжысёрка атрымае ў панядзелак падчас гала-канцэрту ў Польскім тэатры ў Варшаве.
Agnieszka Holland była trzykrotnie nominowana do Oscara.
Agnieszka Holland była trzykrotnie nominowana do Oscara.Denis Makarenko / Shutterstock

Падчас тэлефоннай размовы рэжысёрка сказала, што ўзнагароды – не самае галоўнае, але яны прыносяць задавальненне.

«Vox populi асяроддзя – гэта нешта вельмі каштоўнае, і прызнанне заўсёды прыносіць задавальненне, радасць і пачуццё, што цябе любяць. […] Як і на ўсе ўзнагароды, мы павінны глядзець на іх з радасцю і ўдзячнасцю, але таксама з пэўнай дыстанцыяй, не ўзнагароды з'яўляюцца самымі важнымі ў нашым жыцці», – сказала Агнешка Холанд.

Прэзідэнт Польскай кінаакадэміі Дарыюш Яблоньскі сказаў, што ўзнагарода для Агнешкі Холанд зʼяўляецца прызнаннем Акадэміяй яе дасягненняў у кіно. «Гэта ўзнагарода за ўсё, што прадстаўляе Агнешка Холанд, за фільмы, якія яна зняла. [...] Яе смелая грамадская пазіцыя, на мой погляд, – прыклад для маладых і старэйшых кінематаграфістаў».

Агнешка Холанд была тройчы намінаваная на «Оскар» за фільмы: «Горкае жніво», «Еўропа, Еўропа» і «У цемры».

Рэжысёр стаіць на чале Еўрапейскай кінаакадэміі. Яна таксама зʼяўляецца сябрам Польскай кінаакадэміі і ганаровым прэзідэнтам Гільдыі польскіх рэжысёраў. У 2023 годзе Асацыяцыя польскіх кінематаграфістаў уганаравала яе прэміяй за выдатныя мастацкія дасягненні. За творчы шлях у Польшчы і за мяжой у 2002 годзе атрымала спецыяльную ўзнагароду «Арлоў». Цяпер яна атрымае сваю другую статуэтку «Арлоў» – «за жыццёвыя дасягненні».

У мінулым Агнешка Холанд намінавалася на «Арлоў» за фільмы «Джулія вяртаецца дадому», «У цемры», «След звера» (Pokot), «Грамадзянін Джонс» і «Шарлатан».

У гэтым годзе фільм «Зялёная мяжа» Агнешкі Холанд мае шанец на атрыманне ўзнагароды «Арлы» адразу ў шасці катэгорыях. Усе пераможцы будуць абвешчаныя ў панядзелак. Спіс намінантаў можна знайсці на сайце www.filmweb.pl

IAR/вх