Беларуская Служба

Жэшаў – самы зялёны горад у Польшчы

02.03.2024 17:01
Таксама Жэшаў займае першае месца па долі зялёных зонаў у агульнай плошчы горада.
  i
Парк ім «Салідарнасцi» ў Жэшаве Autorstwa Przykuta - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=2602565

У 2022 годзе ў Жэшаве -горадзе на паўднёвым усходзе Польшчы - выпадала 84,6 квадратнага метра зялёных зонаў на душу насельніцтва. Гэта значыць, што адміністрацыйны цэнтр Падкарпацкага ваяводства апынуўся на першым месцы ў краіне сярод гэтак званых зялёных гарадоў, паведамілі гарадскія ўлады.

На другім месцы апынуўся Гожаў Велькапольскі, дзе на аднаго жыхара прыпадае 34 квадратныя метры зялёных зонаў.

Таксама Жэшаў займае першае месца па долі зялёных зонаў у агульнай плошчы горада, якая складае 12,9 працэнта.

Як паведаміў Артур Гернанд(Artur Gernand) з жэшаўскай мэрыі, паводле дадзеных Статыстычнага ўпраўлення горада, у 2022 годзе паркі і зялёныя зоны ў Жэшаве займалі плошчу ў 1,7 тысячы гектараў, а гмінныя лясы – 9 гектараў.

Мэр Жэшава Конрад Фіёлэк(Konrad Fijołek) паведаміў, што сам горад штогод высаджвае больш за тысячу дрэў. «Вядома, дрэў і іншых раслін становіцца больш, таму што арганізацыі і прыватныя асобы таксама актыўна ўдзельнічаюць у азеляненні горада», – адзначыў прэзідэнт.

PAP/аз