Беларуская Служба

Польшча, Францыя і Эстонія патрабуюць «канкрэтнага» фінансавання праектаў узбраення з боку ЕК

05.03.2024 15:01
На думку трох краін, план фінансавання абаронных праектаў павінен быць распрацаваны як мага хутчэй.
Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр ЛяенPAP/EPA/OLIVIER HOSLET

У сумесным лісце да Еўракамісіі Польшча, Францыя і Эстонія заклікалі мабілізаваць «канкрэтнае» фінансаванне для праектаў узбраення ў ЕС. У сераду Еўракамісія прэзентуе стратэгію абароны ЕС.

Варшава, Парыж і Талін патрабуюць тэрміновага павышэння абароннай гатоўнасці ЕС. Яны падкрэсліваюць, што, на думку экспертаў і спецслужбаў, Расія канчаткова аднoвіць свае сілы, а адраджэнне абароннай прамысловасці ЕС і набыццё краінамі-членамі боепрыпасаў і баявых сродкаў мае ключавое значэнне для дасягнення эфекту стрымлівання і, у больш шырокім сэнсе, для лепшай падрыхтоўкі да вырашэння праблем бяспекі.

На думку трох краін, план фінансавання абаронных праектаў павінен быць распрацаваны як мага хутчэй і «падмацаваны адпаведным фінансаваннем».

Краіны заклікаюць ЕК прадставіць «канкрэтныя» варыянты фінансавання, асабліва на перыяд да вызначэння наступнага бюджэту ЕС.

Стратэгія – паводле Варшавы, Парыжа і Таліна – таксама павінна падтрымліваць павелічэнне ўзроўню запасаў боепрыпасаў і ключавых сістэм узбраення ў дзяржавах-членах і павялічваць канкурэнтныя перавагі ЕС і яго дзяржаў-членаў у галіне ваенных тэхналогій, тэхналогій падвойнага прызначэння і інавацый.

Таксама ЕС мог бы мабілізаваць фінансаванне для праектаў абароннай інфраструктуры, якія дзяржавам-сябрам цяжка развіваць самастойна, напрыклад, супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны.

PAP/аз