Беларуская Служба

Найбуйнейшая польская чыгуначная кампанія замовіла 300 новых пасажырскіх вагонаў на амаль 1 млрд еўра

13.03.2024 20:18
У 2023 годзе PKP Intercity перавезла амаль 69 млн пасажыраў.
  PKP Intercity
Цягнік кампаніі PKP IntercityКрыніца: H. Cegielski – Fabryka Pojazdów Szynowych

Найбуйнейшая польская чыгуначная кампанія PKP Intercity размясціла замову на 300 новых пасажырскіх вагонаў, а таксама апцыён на дадатковыя 150 вагонаў. Тэндар на вытворчасць вагонаў выйграў завод H. Cegielski з Познані – адзін са старэйшых польскіх вытворцаў чыгуначнай тэхнікі. Сума цвёрдай замовы – 4 млрд 238 млн злотых (больш за 990 млн еўра), а з апцыёнам – 6 млрд 357 млн злотых (больш за 1 млрд 485 млн еўра). Паводле падпісанай паміж перавозчыкам і вытворцам дамовы, цвёрды заказ павінен быць цалкам рэалізаваны ў 2028 годзе.

Кампанія PKP Intercity заказала 38 сядзячых купэйных вагонаў першага класу, 40 сядзячых купэйных вагонаў другога класу, 80 сядзячых вагонаў з адкрытай прасторай (самалётнага тыпу) другога класу, 38 вагонаў-рэстаранаў і 26 вагонаў начнога тыпу.

Максімальная эксплуатацыйная хуткасць новых вагонаў – 200 км/г.

Акцыянернае таварыства PKP Intercity – найбуйнейшая ў краіне чыгуначная пасажырская кампанія. Поўны пакет акцый перавозчыка належыць дзяржаве.

PKP Intercity абслугоўвае цягнікі міжрэгіянальных і міжнародных спалучэнняў. Кампанія прапануе паездку чатырма катэгорыямі цягнікоў: эканом-класа TLK і InterCity, бізнес-класа Express InterCity і прэміюм-катэгорыі Pendolino Express InterCity Premium. Найбольшай папулярнасцю сярод пасажыраў карыстаюцца дзве першыя катэгорыі – у мінулым годзе паездку на іх выбрала больш за 90% кліентаў кампаніі.

У 2023 годзе PKP Intercity перавезла амаль 69 млн пасажыраў.

вс