Беларуская Служба

Віцэ-спікер польскага Сената: ЕС мае магчымасць праверыць, каму з беларусаў выдае візы

22.03.2024 12:06
Неабходна аддзяліць санкцыі, якія б’юць па рэжыме Лукашэнкі, ад санкцый, якія балюча закранаюць простых беларусаў.
Michał Kamiński (Koalicja Polska)
Michał Kamiński (Koalicja Polska)Krzysztof Świeżak/Polskie Radio

У сталіцы Літвы Вільні адбываецца Міжнародны форум імя Канстанціна Каліноўскага. Канферэнцыя прысвечаная галоўным чынам праблематыцы інтэграцыі Беларусі ў Еўропу. У сустрэчы бяруць удзел прадстаўнікі беларускай апазіцыі і замежныя парламентарыі і эксперты, у тым ліку з Польшчы.

Віцэ-спікер Сената Міхал Каміньскі заявіў Польскаму радыё, што цяпер неабходна выразна аддзяліць санкцыі, якія б’юць па рэжыме Лукашэнкі, ад санкцый, якія балюча закранаюць простых беларусаў. Палітык дадаў, што зачыняць межы для звычайных грамадзян Беларусі – гэта дрэнная ідэя.

- Сёння Еўрапейскі Саюз мае ўсе магчымасці праверкі, каму мы выдаем візы, у тым ліку беларускім грамадзянам. І таму недапушчальна, каб тыя грамадзяне Беларусі, якія з'яўляюцца актыўнымі прыхільнікамі рэжыму Лукашэнкі, падарожнічалі па Еўропе. Яны не толькі не павінны падарожнічаць па Еўропе, але нават іх маёмасць у Еўропе павінна быць ліквідаваная і канфіскаваная.

Форум імя Канстанціна Каліноўскага ўпершыню быў арганізаваны ў 2020 годзе пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Канферэнцыя зʼяўляецца пляцоўкай для прадстаўнікоў беларускай апазіцыі, дзе яны могуць выказаць свае погляды, выпрацоўваць агульныя стратэгіі барацьбы з расійскай агрэсіяй у рэгіёне і вяртання дэмакратыі ў Беларусі. Акрамя віцэ-спікера Сената Міхала Каміньскага, у сустрэчы бярэ ўдзел таксама старшыня камісіі замежных справаў Сейма Павел Коваль.

IAR/Kamil Zalewski/нг