Беларуская Служба

Расійская ракета парушыла паветраную прастору Польшчы

24.03.2024 09:28
Гэта не першы інцыдэнт, звязаны з парушэннем паветранай прасторы Польшчы расійскімі ракетамі
    -95
Расійскі дальні стратэгічны бамбардзіроўшчык Ту-95Fasttailwind/ Shutterstock

Расійская ракета парушыла паветраную прастору Польшчы і прабыла ў ёй 39 секунд, паведаміла сёння Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы.

«Інфармуем, што ў 04:23 (06:23 мінскі час – рэд.) адбылося парушэнне паветранай прасторы Польшчы адной з крылатых ракет, запушчаных гэтай ноччу самалётамі дальняй авіяцыі РФ. Цэлямі ўдараў былі гарады на захадзе Украіны. Аб'ект увайшоў у польскую прастору каля населенага пункта Осердуў (Люблінскае ваяводства) і прабыў у ёй 39 секунд», – паведаміла Аператыўнае камандаванне.

Адзначаецца, што былі ўведзеныя ўсе неабходныя працэдуры для гарантавання бяспекі паветранай прасторы Польшчы. У прыватнасці, была актывізаваная польская і натаўская авіяцыя.

Войска Польскае працягвае ўвесь час сачыць за сітуацыяй на тэрыторыі Украіны і застаецца ў пастаяннай гатоўнасці да забеспячэння бяспекі паветранай прасторы Польшчы, паведаміла Аператыўнае камандаванне. 

Кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Яцэк Сявера ў сетцы X напісаў, што прэзідэнт Анджэй Дуда як вярхоўны галоўнакамандуючы Узброеных сіл Польшчы праінфармаваны аб гэтым інцыдэнце. Таксама ўсю неабходную інфармацыю атрымалі саюзнікі па НАТА.

Ноччу на 24 сакавіка па ўсёй Украіне была абʼяўленая паветраная трывога. У Расіі ў паветра паднялося 14 стратэгічных бамбавікоў ТУ-95МС, якія зʼяўляюцца носьбітамі крылатых ракет. Захопнікі наносілі ўдары па Кіеве і заходніх абласцях Украіны.

Гэта не першы інцыдэнт, звязаны з парушэннем паветранай прасторы Польшчы расійскімі ракетамі. Так, 15 лістапада 2022 года, падчас расійскага ракетнага абстрэлу Украіны, на тэрыторыі Польшчы каля мяжы з Украінай упалі дзве ракеты, у выніку чаго загінулі два чалавекі.

У красавіку 2023 года ў цэнтральнай частцы Польшчы былі знойдзеныя абломкі ракеты класа «паветра-зямля» без боегалоўкі, на якой былі надпісы на рускай мове.
Расійская ракета таксама парушала паветраную прастору Польшчы 29 снежня 2023 года.

вс