Паліцыя заклікае людзей выконваць правілы дарожнага руху, быць цвярозымі за рулём і не перавышаць хуткасць.
У паліцыі паведамілі, што ў велікодны перыяд супрацоўнікі будуць забяспечваць бяспеку ўдзельнікаў дарожнага руху. Асаблівую ўвагу яны будуць звяртаць на цвярозасць і псіхафізічны стан вадзіцеляў, выкананне імі хуткаснага рэжыму. Таксама будуць правяраць, ці прышпілены вадзіцелі і пасажыры рамянямі бяспекі.
Роберт Опас з Упраўлення дарожнага руху Галоўнай камендатуры паліцыі заклікаў кіроўцаў выконваць правілы дарожнага руху, у першую чаргу памятаць пра цвярозасць за рулём і не перавышаць хуткасць. «Ільготнага тарыфу для тых, хто гэта праігнаруе, не будзе», — папярэдзіў паліцыянт.
Ён таксама нагадаў аб забароне руху вадзіцелям грузавых аўтамабіляў (звыш 12 т) 30 сакавіка (з 18-22.00), 31 сакавіка (з 8-22) і 1 красавіка (з 8-22). Гэта вынікае з пастановы міністра транспарту ад 2007 года аб перыядычных абмежаваннях і забаронах на рух асобных відаў транспартных сродкаў па дарогах.
Асноўныя мерапрыемствы паліцыі запланаваны з 29 сакавіка па 1 красавіка.
Летась за чатыры святочныя дні адбылося 177 ДТЗ, у якіх 26 чалавек загінулі і 210 атрымалі раненні. Паліцыя затрымала 1202 п'яных кіроўцы.
РАР/юл