Беларуская Служба

Нацыянальная падатковая адміністрацыя (KAS) ліквідавала самагонную ўстаноўку ў гміне Грудэк на Падляшшы

02.04.2024 08:42
40-гадовы мужчына, які падазраецца ў гэтай незаконнай вытворчасці, затрыманы.
Знойдзены спіртfoto: podlaskie.kas.gov.pl

Функцыянеры знайшлі гатовы спірт і брагу. Амаль 150 літраў гатовага самагону, 2 тысячы літраў брагі і вытворчае абсталяванне знайшлі супрацоўнікі падляшскага KAS у нелегальнай спіртавой фабрыцы, выяўленай у гміне Грудэк. 40-гадовы мужчына, які падазраецца ў гэтай незаконнай вытворчасці, затрыманы.

Падаткова-мытная служба з Баброўнікаў (Падляшша) западозрыла, што такая незаконная дзейнасць магла весціся на адным з хутароў у гміне Грудэк (Беластоцкі павет). У ходзе ператрусу ў адной з гаспадарчых пабудоў была знойдзена поўная лінія па вытворчасці спірту.

У дачыненні да ўладальніка маёмасці распачатая крымінальная справа. 40-гадовы мужчына будзе прыцягнуты да суду за незаконны выраб алкаголю.

Некалькі тыдняў таму падляшская KAS ліквідавала чарговую нелегальную вытворчасць алкаголю ў гміне Грудэк, дзе выяўлена амаль 3 тысячы літраў самагону, крэпасцю 20-50% і вытворчае абсталяванне. 35-гадовы мужчына затрыманы па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальных злачынстваў: захоўванні і незаконным вырабе алкаголю.

Нелегальная вытворчасць алкаголю мае на Падляшшы даўнюю традыцыю, найчасцей звязаную з тэрыторыяй Кнышынскай пушчы. Менавіта тут мытная і падатковая службы і паліцыя звычайна выяўляюць лясныя самагонныя заводы, хоць апошнім часам усё часцей гэта самагонныя апараты, якія працуюць у гаспадарчых пабудовах.

ав