Беларуская Служба

У нядзелю ў Польшчы пройдуць муніцыпальныя выбары. Выбарчая цішыня пачынаецца сёння апоўначы

05.04.2024 18:10
На выбарах змогуць прагаласаваць 29 мільёнаў чалавек. За галасы змагаюцца 11 тысяч выбарчых камітэтаў.
У нядзелю ў Польшчы пройдуць муніцыпальныя выбарыPAP/Darek Delmanowicz

За 12 гадзін да пачатку выбарчай цішыні Цэнтральная выбарчая камісія прадставіла самую важную інфармацыю пра муніцыпальныя выбары, якія пройдуць у Польшчы ў нядзелю 7 красавіка.

На выбарах змогуць прагаласаваць 29 мільёнаў чалавек. У правядзенні гэтых выбараў будзе задзейнічана каля 300 тыс. супрацоўнікаў выбарчых камісій.

Цэнтральная выбарчая камісія ўжо праверыла сістэму, якая адказвае за падлік галасоў - па словах Магдалены Петжак з ЦВК, затрымкі быць не павінна:

- Мы правялі тэсты, у тым ліку агульнанацыянальныя, у якіх прынялі ўдзел усе муніцыпалітэты. Гэта, так званы, тэст нагрузкі — калі па ўсёй краіне, па кожнай акрузе адначасова заходзяць у сістэму і яна павінна працаваць без збояў, - сказала Магдалена Петжак.

За галасы змагаюцца 11 тысяч выбарчых камітэтаў. Самаму старэйшаму кандыдату ў дэпутаты гарадскога савета ў Лембарку 94 гады, ёсць таксама вялікая група 18-гадовых кандыдатаў.

З поўначы ў краіне пачынаецца выбарчая цішыня. За яе парушэнне пагражае вялікі штраф.

Аднак кіраўнік Камісіі Сільвестр Марціняк адзначае, што нават у членаў Камісіі ёсць сумневы наконт выбарчай цішыні: «Развіццё тэхналогій і розных метадаў камунікацыі стварае сітуацыю, у якой органы, адказныя за адсочванне парушэнняў цішыні не заўсёды могуць прад'явіць абвінавачанне і перадаць справу ў суд».

У 412 гмінах не будзе палітычных эмоцый, бо за пасаду старшыні муніцыпальнай адзінкі змагаецца адзін чалавек - яму трэба набраць больш за палову галасоў.
яс/IAR