Беларуская Служба

Можна яшчэ зарэгістравацца на ўдзел у кампаніі ў гадавіну паўстання ў Варшаўскім гета

14.04.2024 17:02
19 красавіка 1943 года каля тысячы дрэнна ўзброеных членаў яўрэйскіх падпольных фармаванняў пачалі барацьбу супраць немцаў. 
Варшаўскае гета Autorstwa Bundesarchiv, Bild 101I-270-0298-14 / Amthor / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=5410657

Нядзеля, 14 красавіка - апошні дзень рэгістрацыі для ўдзелу ў грамадска-адукацыйнай кампаніі «Нарцысы», якую ладзіць Музей гісторыі польскіх яўрэяў POLIN у гадавіну пачатку паўстання ў Варшаўскім гета. 

Каардынатарка акцыі Зоф’я Баяньчык (Zofia Bojańczyk) заахвочвае настаўнікаў да супрацоўніцтва.

- Яны атрымаюць ад нас матэрыялы, распрацоўкі ўрокаў і сцэнарыі для навучэнцаў. Настаўнікі і выхавацелі будуць аснашчаныя нашымі матэрыяламі і змогуць лёгка правесці такі ўрок са сваімі вучнямі 19 красавіка.

Па словах амбасадаркі кампаніі Багумілы Сядлецкай-Гасліцкай (Bogumiła Siedlecka-Goślicka), важна, каб асабліва маладыя людзі даведаліся пра трагічную гісторыю 81-гадовай даўніны.

- Паўстанне ў гета - гэта наша агульная гісторыя, якой зусім не павінна было быць, але яна адбылася. Цяпер мы павінны зрабіць так, каб такое ніколі не вярнулася. Гэта ў руках моладзі, якая павінна дбаць аб міры і не забываць пра тыя падзеі.

Заяўкі прымаюць на сайце polin.pl. У гэтым годзе музей таксама падрыхтаваў фільмы для дзяцей і падлеткаў, якія дапаўняюць распрацоўкі ўрокаў і рабочыя лісты вучняў.

Напярэдадні 81-й гадавіны выбуху паўстання ў Варшаўскім гета музей POLIN запрашае на спецыяльны паказ фільма «Змагары! Яны ваявалі ў Варшаўскім гета», а 19 красавіка — на паказ фільма «Ува мне памяць аб забітых».

19 красавіка 1943 года каля тысячы дрэнна ўзброеных членаў яўрэйскіх падпольных фармаванняў пачалі барацьбу супраць немцаў. Акупанты забілі каля 7000 мірных жыхароў, большасць з іх загінула ў падпаленых немцамі жылых дамах. Большасць паўстанцаў таксама загінулі падчас баёў.

IAR/нг