Беларуская Служба

У прэм’ер-міністра і прэзідэнта Польшчы - розніца ў падыходзе па агульнаеўрапейскай СПА

16.04.2024 16:30
Туск хоча далучыць Польшчу да г.зв. «еўрапейскaга купала»,  Дуда называе ініцыятыву «нямецкім бізнес-праектам».
  .
Прэзідэнт Польшчы А. ДудаPAP/Radek Pietruszka

Прэм’ер-міністр Дональд Туск паведаміў, што падчас сённяшняга паседжання ўраду ён атрымаў станоўчую ацэнку генералаў адносна ўдзелу Польшчы ў будаўніцтве г.зв. «еўрапейскaга купала». Туск пацвердзіў гатоўнасць Польшчы ўдзельнічаць у гэтым праекце, ініцыяваным Германіяй.

Прэм’ер-міністр учора на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн заявіў, што Польшча хоча ўдзельнічаць у працах па будаўніцтве «жалезнага купала» разам з іншымі краінамі ЕС.

Кіраўнік ураду запэўніў, што адначасова Варшава будзе працягваць будаўніцтва ўласнай сістэмы супрацьпаветранай абароны.

У сваю чаргу прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў, што Польшча ўжо некалькі гадоў будуе сістэму супрацьпаветранай абароны на базе сістэмы «Пэтрыёт». Ён адзначыў, што ідэя будаўніцтва так званага «жалезнага купала» над Еўропай з'яўляецца «нямецкім бізнес-праектам».

Прэзідэнт адзначыў, што сістэма супрацьпаветранай абароны, якая зараз усталёўваецца ў Польшчы, ацэньваецца як адна з найлепшых у свеце.

- Мы ўжо некалькі гадоў будуем аднастайную супрацьпаветраную і супрацьракетную сістэму абароны Польшчы, якая мусіць быць сумяшчальнай з іншымі прыладамі і сістэмамі, якія выкарыстоўваюцца НАТА і арміяй ЗША.

Прэзідэнт нагадаў, што праект «жалезнага купала» быў створаны два гады таму. Ён адносна новы і адрозніваецца ад таго, што пачала будаваць Польшча. Ён адзначыў, што «не можа сабе ўявіць», што «раптам пяройдзем на новую сістэму».

Прэзідэнт паведаміў, што сістэма, якая цяпер будуецца ў Польшчы, у будучыні будзе супрацоўнічаць са знішчальнікамі F35, на якіх польскія пілоты трэніруюцца ў ЗША.
яс/IAR