Беларуская Служба

Прэзідэнт Анджэй Дуда прыбыў у Канаду

19.04.2024 07:41
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда прыбыў у Канаду, дзе, сярод іншага, сустрэнецца з прэм'ер-міністрам краіны Джасцінам Трудо.
    .
Прэзідэнт Рэспублікі Польшча Анджэй Дуда.PAP/Łukasz Gągulski

Раней Анджэй Дуда наведаў з візітам Нью-Ёрк. Канада — другі пункт тыднёвага замежнага падарожжа.

Прэзідэнт Польшчы наведвае дзве правінцыі: Брытанскую Калумбію і Альберту. Адным з  момантаў праграмы стане наведванне ваенна-марской базы Канады ў Эсквімальце. Там прэзідэнт Польшчы сустрэнецца з прэм'ер-міністрам Канады Джасцінам Трудо.

«Мы будзем гаварыць пра будучы саміт НАТА, пра бяспеку Еўропы, пра тое, як больш эфектыўна падтрымліваць Украіну, але больш за ўсё я хачу (...) абмеркаваць ідэю павелічэння выдаткаў на абарону ў НАТА з 2 да 3 працэнтаў ад ВУП», — заявіў перад ад'ездам Анджэй Дуда.

У офісе прэм'ер-міністра Канады паведамілі, што перамовы Дуды і Трудо будуць прысвечаныя двухбаковаму супрацоўніцтву па такіх пытаннях, як энергетычная бяспека і вытворчасць чыстай энергіі.

«Канада і Польшча — добрыя сябры і верныя саюзнікі. Разлічваю на паглыбленне супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. Разам мы будзем абараняць мір і бяспеку ў альянсе НАТА, мы па-ранейшаму прыхільныя падтрымцы Украіны і створым добрыя працоўныя месцы і магчымасці для жыхароў Канады і Польшчы», — сказаў Джасцін Трудо.

У Канадзе Анджэй Дуда таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі вадародных кампаній. «Мы трэці вытворца вадароду ў ЕС, пяты ў свеце», — падкрэсліў прэзідэнт, дадаўшы, што размова пойдзе аб развіцці сучасных вадародных тэхналогій, у тым ліку: выкарыстанне гэтага элемента ў аўтамабілебудаванні.

У праграме візіту таксама сустрэчы з польскай супольнасцю ў Ванкувэры і Эдмантане.

PAP/вх