Беларуская Служба

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў пра затрыманне беларуса, які замовіў напад у Вільні на паплечніка Навальнага

19.04.2024 18:06
Падазраваныя былі затрыманыя ў Варшаве 3 красавіка.
Ілюстрацыя Фота: ABW

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск на платформе Х падсумаваў дзеянні польскіх службаў за апошнія дні:

«Два дні таму арыштаваны паляк, які дзейнічаў у супрацоўніцтве з расійскімі службамі, планаваў забойства прэзідэнта Зяленскага. Беларус, які працаваў на расіян і які замовіў двум палякам замах на паплечніка Навальнага, затрыманы. Зламыснікі ўжо знаходзяцца пад вартай. Яны звязаны з фанацкімі коламі ультрас. Гэта толькі ў красавіку. Паблажлівасці для супрацоўнікаў расійскіх службаў не будзе. Кожную здраду і спробу дэстабілізацыі мы выпалім жалезам», — напісаў Дональд Туск у сваім акаунце на платформе Х.

Генеральны пракурор Літвы Юстас Лауцюс заявіў, што двое затрыманых у пачатку красавіка ў Варшаве падазраваныя ў сакавіцкім нападзе ў Вільні на расійскага апазіцыянера Леаніда Волкава і з'яўляюцца грамадзянамі Польшчы.
Цэнтральнае следчае бюро паліцыі Польшчы паведаміла, што падазраваныя знаходзяцца ў вышуку на падставе еўрапейскага ордара на арышт.

Падазраваныя былі затрыманыя ў Варшаве  3 красавіка.

Расследаванне фактаў збіцця Леаніда Волкава вялі крымінальная паліцыя Літвы і акруговая пракуратура Вільні ў супрацоўніцтве з польскім бокам.

Верагодна, у траўні падазраваныя будуць этапаваныя ў Літву, дзе будуць магчымыя следчыя і працэсуальныя дзеянні. Намеснік кіраўніка Бюро крымінальнай паліцыі Літвы Саўлюс Біргінас дадаў, што затрыманыя асобы  вядомыя польскім праваахоўным органам.

Адзіным матывам нападу на Леаніда Волкава стала яго палітычная дзейнасць і перакананні. На думку літоўскіх службаў, напад быў прафесійным і добра спланаваным. Першым аб арышце выканаўцаў тэракту ў Польшчы заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. Напад на Леаніда Волкава адбыўся ў сакавіку паблізу ягонага месца жыхарства ў Вільні. Злачынца разбіў шкло ў яго машыне, выкарыстаў супраць Волкава слезацечны газ, а затым збіў яго малатком. Апазіцыянера з пераломам рукі і іншымі траўмамі даставілі ў шпіталь, адкуль праз некалькі гадзін адпусцілі.

IAR/вх