Беларуская Служба

У Польшчы адзначаецца свята Божага Цела, вернікі ладзяць вулічныя шэсці

30.05.2024 09:57
Гэта свабодны ад працы дзень.
  . .
Свята Божага Цела. Ілюстрацыя.Фота: Soft Light / Shutterstock.com

Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якую называюць Божым Целам. Гэта адно з галоўных святаў, якое адзначаецца ў гонар Езуса Хрыста.

Гэты абрад звязаны з верай у рэальную прысутнасць Хрыста ў Святым Сакрамэнце. Паводле даўняй традыцыі, вернікі выходзяць на вуліцы сваіх населеных пунктаў, ладзячы працэсіі з эўхарыстыяй. Пра сэнс гэтага свята гаворыць ксёндз Павел Навумовіч.

- Свята Божага Цела – гэта, з аднаго боку, выраз пашаны Найсвяцейшаму Сакрамэнту, а з другога – абвяшчэнне ўсяму свету – я веру, што Езус – Пан і Збаўца, мой, свету і ўсіх людзей. І таму мы выходзім за межы Касцёла, каб запрасіць да Хрыста, таму што ён хоча ўсіх прыняць у сваё сэрца, таму што ён праліў сваю кроў на крыжы за ўсіх. Ён кожнага жадае прыняць у сваім сэрцы, каб мы ў яго сэрцы прайшлі абнаўленне.

Цэнтральная працэсія Божага Цела ў Варшаве выйдзе адразу пасля Імшы, якая адбудзецца ў 10.00 у кафедральным саборы святога Яна Хрысціцеля ў Старым горадзе. Шэсце ўзначаліць кардынал Казімеж Ныч.

Свята Божага Цела ў Польшчы з’яўляецца свабодным ад працы днём.

IAR/нг