Прэм’ер-міністр Дональд Туск з нагоды Дня абароны дзяцей адкрыў у садах свайго офісу «Сад казак» для дзяцей. Прэзідэнцкая пара Анджэй Дуда і Агата Корнхаўзэр-Дуда павіншавалі дзяцей з іх святам.
Дональд Туск адчыняе дзецям вароты
А 10-й раніцы браму ў Канцылярыю прэмʼер-міністра адчыніў уласна прэмʼер-міністр Дональд Туск. «Будзеце тут сёння гаспадарыць? Тады заходзьце!» – клікаў ён дзяцей, якія чакалі ўваходу.
Бацькі фоткалі сваіх дзяцей з кіраўніком ураду. Дональд Туск больш за гадзіну шпацыраваў па садзе і фатаграфаваўся з малюткімі.
Д.Туск з дзецьмі
Сад быў запоўнены цацкамі, шэзлонгамі, сталамі з настольнымі гульнямі, быў стол для тэніса. Асобныя стэнды падрыхтавалі міністэрствы, армія, вайсковыя службы, дзяржаўныя арганізацыі і прадпрыемствы ды спартыўныя асацыяцыі.
Перад уваходам у адміністрацыйны будынак можна было сфатаграфавацца з мажарэткамі прадстаўнічага Аркестра Войскаў тэрытарыяльнай абароны. Дзяцей чакала ваенная тэхніка – сучасная і гістарычная. Уразіў і старых, і малых артылерыйскі цягач Citroen-Kegresse 1932 года выпуску, на якім у трыццатыя гады ХХ ст. Войска польскае буксіравала гарматы.
На стэндзе Міністэрствам клімату і аховы навакольнага асяроддзя можна было даведацца, як падрыхтавацца да паходу ў лес і начаваць сярод дрэў.
Дональд Туск пачаў шпацыр па садзе ад намёта Памежнай варты ў. Там дзяцей чакаў падарунак – комікс «Mała wataha». У палатцы Міністэрства адукацыі кіраўнік урада прыляпіў да кашулі значок «Узорны бацька» (таксама можна было выбіраць «Узорны вучань» і «Узорны настаўнік»).
Д. Туск са значком «Узорны бацька»
У спартыўнай зоне прайшлі спаборніцтвы паміж дзецьмі і спартсменамі па кіданні баскетбольнага мяча. Прафесійную каманду ўзначаліў былы баскетбаліст НБА Марцін Гортат. Прэмʼер-міністр гуляў у другой камандзе.
Дональ Туск з мячом
Мерапрыемства ў садах канцылярыі прэмʼер-міністра працягнулася да 17 гадзіны.
Прэзідэнцкая пара з нагоды Дня абароны дзяцей запісала віншавальны ролік і пажадала дзецям «здзяйснення мараў, шчырага сяброўства і сонечных дзён, напоўненых весялосцю і радасцю спазнавання свету».
.
яс