Беларуская Служба

МЗС Польшчы: Не бачым неабходнасці змяняць вышэйшы ўзровень папярэджання аб падарожжах у Беларусь

05.06.2024 09:46
Польскае радыё таксама пацікавілася ў польскіх дыпламатаў, ці магчымае рашэнне адкрыць пераход у Баброўніках можна выкарыстоўваць у перамовах з Мінскам аб вызваленні Анджэя Пачобута.
МЗС Польшчы Фота: PRdU/Khrystyna Pichkur

Міністэрства замежных спраў не бачыць неабходнасці змяняць вышэйшы ўзровень папярэджанняў аб падарожжах у Беларусь. Гэта адаказ на пытанні Польскага радыё ў сувязі з дыскусіяй пра магчымае адкрыццё польска-беларускага пераходу ў Баброўніках.

24 траўня ў Беластоку прэмʼер-міністр Дональд Туск заявіў, што аналізуе магчымасці аднаўлення працы памежнага пункта ў Баброўніках на Падляшшы. Пры гэтым палітык заявіў, што не будзе прымаць такое рашэнне, калі меркаванне арміі і памежнай аховы будзе адназначна негатыўным. У панядзелак, 3 чэрвеня, кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі ацаніў, што сітуацыя ў адносінах з Мінскам не дазваляе аднавіць працу пераходу, закрытага ў лютым 2023 года з-за памежнага крызісу.

«Цяперашні ўзровень папярэджанняў аб ўездзе ў Беларусь (самы высокі з магчымых) зʼяўляецца адпаведным і мы не бачым неабходнасці яго змяняць. Карыстаючыся выпадкам, нагадваем аб нашым папярэджанні і просім паставіцца да яго вельмі сурʼёзна», – заявілі ў МЗС.

У міністэрстве, адказваючы таксама на пытанне аб узмацненні польскіх дыпламатычных прадстаўніцтваў у Беларусі, адзначылі, што такая магчымасць залежыць перш за ўсё «ад змены недружалюбнай палітыкі беларускіх уладаў у дачыненні да Польшчы».

Польскае радыё таксама пацікавілася ў польскіх дыпламатаў, ці магчымае рашэнне адкрыць пераход у Баброўніках можна выкарыстоўваць у перамовах з Мінскам аб вызваленні Анджэя Пачобута.

У Міністэрстве замежных справаў запэўнілі, што Варшава пастаянна робіць захады для вызвалення польскага актывіста і журналіста. «Польшча заклікае беларускія ўлады спыніць далейшыя рэпрэсіі і вызваліць і зняць з усіх абвінавачанняў палітвязняў», – чытаем у адказе МЗС.

У той жа час у міністэрстве лічаць, што для таго, каб, магчыма, абмяркоўваць змякчэнне санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі, варта чакаць кроку насустрач з боку Мінска. Як растлумачылі ў міністэрстве, гаворка ідзе «пра гатовасць да дыялогу з заходнімі партнёрамі, падмацаваную зменай цяперашняй палітыкі Мінска і рэальнымі дзеяннямі па выхадзе з палітычнага крызісу, выкліканага фальсіфікацыямі прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года».

iar/эж