Кіраўнік Міністэрства інфраструктуры Польшчы ўзнагародзіў супрацоўніцу PKP PLK Бэату Шатанік за прадухіленне тэракту на чыгунцы. Нагадваем, у траўні жанчына, якая працуе на станцыі «Чэхавіцы – Дзядзіцы» (Czechowice – Dziedzice) у Сілезіі, правяраючы стан чыгуначных рэек, убачыла падазроны пакет. Як высветлілася пазней – гэта быў мінамётны снарад, верагодна, часоў Другой сусветнай вайны.
Падчас сённяшняй цырымоніі Бэата Шатанік(Beata Szatanik) сказала, што яе рэакцыя была імгненнай:
- Я забяспечыла пакунак, каб ніхто выпадковы да яго не падышоў, паведаміла пра сітуацыю кіраўніку і далей справы пайшлі сваім ходам.
Міністр інфраструктуры Дарыюш Клімчак(Dariusz Klimczak) сказаў, што рэакцыя супрацоўнікаў PKP PLK была ўзорнай:
- Сітуацыя пагражала катастрофай наземнага руху і гібеллю многіх людзей. Дзякуючы таму, што наша гераіня заўважыла пакунак, захавала спакой і неадкладна паведаміла пра інцыдэнт адпаведным службам, то яна выратавала жыццё многім людзям.
Па справе быў затрыманы 63-гадовы мужчына, які пакінуў на рэйках выбуховае прыстасаванне. Яму пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
IAR/аз