Беларуска Вольга Сафронава ў інтэрвʼю тэлеканалу «Белсат» распавяла пра адбор у пашыраны склад нацыянальнай зборнай Польшчы для ўдзелу ў Алімпіядзе ў Парыжы.
«Ганаруся тым, што магу зараз прадстаўляць ужо дзве краіны. Мала каму гэта ўдалося. Не ў тым сэнсе, што я нейкая асаблівая, не, а проста мне пашанцавала і выпаў такі шанц. Усе цудоўна ведаюць, што я з Беларусі, і цяпер я магу паказваць і наш сцяг, і польскі сцяг. І я бачу ў гэтым шанец яшчэ больш расказаць пра нас і паказаць, што нельга здавацца, трэба ісці да канца. І калі ідзеш і працуеш, то ўсё атрымаецца», – сказала Сафронава.
Удакладняе, што «паказаць наш сцяг» у літаральным сэнсе, вядома ж, на Алімпіядзе не зможа. Хіба што ў Інстаграме. Але ў сімвалічным – так.
«Бачу нашу будучыню ў вельмі яркіх колерах. Не тое што працягваю верыць – я ўпэўненая ў тым, што ў нас усё атрымаецца. Мы мацнейшыя, маладзейшыя, больш таленавітыя, разумнейшыя, больш прагрэсіўныя, таму ў нас няма шанцаў прайграць. І мы выйграем! Абавязкова», – падагульняе Вольга.
У сярэдзіне чэрвеня Вольга выканала кваліфікацыйныя патрабаванні для Алімпійскіх гульняў – 2024. Але не факт, што яна будзе выступаць на Алімпіядзе. Па словах беларускі, з шасці вершнікаў, якія трапілі ў пашыраны склад, куды ўваходзіць і Сафронава, у Версалі будуць спаборнічаць толькі трое. Але ў Францыю паедуць усе шэсць спартоўцаў.
У Вольгі спыталі, ці ёсць у яе шанцы на медаль на сёлетніх Алімпійскіх гульнях:
– На жаль няма. Таму што пакуль узровень коней і ўзровень падрыхтоўкі канкурэнтаў значна вышэйшы, чым наш. Мы яшчэ толькі ў дарозе, па дарозе да гэтага ўзроўню і пастамента. Таму цяпер галоўная задача – выступіць годна. У нас вельмі субʼектыўны від спорту.
«У нас вельмі субʼектыўны від спорту. Нас судзяць людзі, і таму ад таго, як ты сябе прэзентуеш, як цябе ўбачаць суддзі, як да цябе паставяцца, вельмі шмат залежыць. І ты не можаш зрабіць гэта за адзін раз! Ты павінен доўга – гадамі! – сябе паказваць», – тлумачыць спартсменка.
Яна прызналася, што стабільнасць, якую шануюць суддзі, «каштуе вельмі вялікіх грошай». Але Вольга мае намер выступаць яшчэ два алімпійскія цыклы.
Двухразовая чэмпіёнка Беларусі (2020, 2021), фіналістка Кубка свету – 2019 Вольга Сафронава заваявала ліцэнзію на Алімпіяду-2020 у Токіа, але яе не пусцілі на Гульні ад Беларусі, спаслаўшыся на заключэнне ветэрынарнай камісіі. Маўляў, Сандро дэ Амор (мянушка каня) кульгае, хоць дыягназу ў заключэнні, па словах спартоўкі, якая спецыялізуецца ў выездцы, не было.
Вольга Сафронава падпісала ліст за новыя выбары і супраць гвалту пасля жніўня-2020, пазней зʼехала жыць у Польшчу па меркаваннях бяспекі. Каб пачаць выступленні за гэтую краіну, Сафронавай прыйшлося адбываць двухгадовы каранцін. У 2023 годзе яна стала срэбнай медалісткай чэмпіянату Польшчы – гэта быў яе першы медаль пад сцягам новай краіны.
вх