Беларуская Служба

Памежная служба: за апошнія суткі павялічылася колькасць незаконных перасячэнняў беларуска-польскай мяжы

23.08.2024 14:21
За мінулыя суткі Памежная служба зафіксавала 80 спроб нелегальнага пераходу ў Польшчу праз мяжу з Беларуссю.
Ілюстрацыйны здымакStraż Graniczna: facebook.com/STRAZGRANICZNA/

Яшчэ два чалавекі затрыманыя за садзейнічанне ў незаконным перасячэнні мяжы.

Спробы перасячэння мяжы адбываліся на ўчастках мяжы, якія ахоўваюцца памежнымі заставамі ў Пласках, Новым Двары, Кузніцы, Баброўніках, Міхалове, Нараўцы і Белавежы.

Падляшскі аддзел памежнай аховы паведаміў у прэс-рэлізе, што ў раёне Баброўнікі шэсць мігрантаў спрабавалі перасекчы мяжу па памежнай рацэ Свіслач, але, убачыўшы польскія службы, вярнуліся назад.

За мінулыя суткі супрацоўнікі памежнай службы таксама затрымалі яшчэ двух чалавек, якія дапамагалі ў незаконным перасячэнні мяжы. Гэта грамадзяне Украіны і Расіі.

«Грамадзянін Украіны спрабаваў перавезці чатырох замежнікаў, а расіянін спрабаваў забраць двух грамадзян Шры-Ланкі», — паведамляюць памежнікі.

Таксама памежнікі аказалі медыцынскую дапамогу аднаму мігранту, якому такая дапамога спатрэбілася.

Памежная служба інфармуе, што з пачатку 2024 года зафіксавана амаль 23 тысячы спроб нелегальнага перасячэння беларуска-польскай мяжы.

З 13 чэрвеня, цягам наступных 90 дзён, у Польшчы ўведзена буферная зона з забаронай на знаходжанне на ўчастку мяжы з Беларуссю працягласцю каля 60 км у Гайнаўскім павеце (Падляшша). На адлегласці 40 км. нельга знаходзіцца ў паласе шырынёй 200 метраў ад лініі мяжы, на 16 км. гэтая паласа складае прыкладна 2 км..

Паводле інфармацыі МУС, зона працуе нармальна, і з моманту яе ўвядзення колькасць спроб нелегальнага перасячэння мяжы скарацілася амаль на 70%. Паводле слоў прадстаўнікоў гэтага міністэрства, гэтаму паспрыяла таксама прысутнасць на мяжы прэвентыўных сіл паліцыі

РАР/юл