Беларуская Служба

Улады Кракава вяртаюцца да ідэі будаўніцтва метро

29.08.2024 11:02
Паводле аналізаў, першы ўчастак кракаўскага метро будзе каштаваць больш за 699 мільёнаў еўра.
КракаўФота: Pixabay.com/DzidekLasek

Будаўніцтва першай лініі метро ў Кракаве павінна пачацца праз чатыры гады, заявіў у інтэрв’ю Польскаму радыё прэзідэнт горада Аляксандар Мішальскі(Aleksander Miszalski). Кракаўскія чыноўнікі прадставілі папярэдні план і графік работ, звязаных з будаўніцтвам падземнай чыгункі ў Кракаве.

Паводле іх, спачатку будзе пабудаваны 6-кіламетровы ўчастак за 3 мільярды злотых (больш за 699 мільёнаў еўра), паведаміў прэзідэнт Кракава:

- 35 мільярдаў злотых – гэта кошт цэлай сістэмы метро, то бок трох лініяў. Зараз гаворка ідзе пра адну лінію – гэта кошт да 15 мільярдаў злотых, якая таксама падзелена на тры адрэзкі. Кошт аднаго – 3 мільярды злотых.

Улады Кракава разлічваюць на дзяржаўную падтрымку, сродкі з ЕС і  Сусветнага банку. Жыхары Кракава на рэферэндуме ў 2014 годзе прагаласавалі за будаўніцтва метро. Ідэю падтрымалі 55 працэнтаў удзельнікаў галасавання.

Нагадваем, тры гады таму аналізы тагачасных кракаўскіх уладаў паказалі, што будаваць метро ў горадзе нявыгадна. Замест гэтага планавалася пабудаваць сетку тунэляў для хуткасных трамваяў.

IAR/аз