Беларуская Служба

Намеснік міністра лічбавых тэхналогій: Да жніўня зафіксавана 70-80 тысяч кібератак на крытычную інфраструктуру Польшчы

20.09.2024 12:45
Хакеры  часта «палітычна матываваныя варожымі службамі».
Illustrative photo.
Illustrative photo.shutterstock.com/AlyoshinE

Да жніўня гэтага года было зафіксавана каля 70-80 тысяч нападаў на крытычную інфраструктуру Польшчы, пра гэта заявіў намеснік міністра лічбавых тэхналогій Павел Альшэўскі (KO). 

Міністэрства лічбавых тэхналогій Польшчы інфармуе пра спробы атакаваць польскую крытычна важную інфраструктуру ў самых розных сферах: транспарт, ахова здароўя, адміністрацыя, электрастанцыі і водазабеспячэнне.

«Да жніўня бягучага года такіх атак было прыкладна 70-80 тысяч. Так што з вялікай доляй верагоднасці можна сказаць, што ў канцы года мы дасягнём бясслаўнага рэкорду па колькасці атак і перасягнём колькасць 100 000, і гэта толькі тыя атакі, якія мы апрацоўваем праз NASK», — заявіў намеснік міністра  Павел Альшэўскі.

Ён падкрэсліў, што Польшча нязменна з'яўляецца аб'ектам нападаў з усходу, звязаных з расійскай агрэсіяй супраць Украіны.

«Мы эфектыўна адказваем, большасць гэтых нападаў адбітыя», — сказаў ён, дадаўшы, што  хакеры  часта «палітычна матываваныя варожымі службамі» і дэманструюць вялікую рашучасць, веды і крэатыўнасць.

У чэрвені гэтага года паведамлялася, што Міністэрства лічбавых тэхналогій Польшчы праводзіць шэраг мерапрыемстваў і інвестыцый у праграмы, якія павінны служыць кібер-шчытом для Рэспублікі Польшча. Агульная сума выдаткаў, якія будуць прызначаныя на гэта ў бліжэйшыя два гады, складае 3 мільярды злотых — як з дзяржаўнага бюджэту, так і з фондаў ЕС.

Паводле PAP/вх