Беларуская Служба

Рана ці позна гэта дагоніць кожную і кожнага — сёння Сусветны дзень менапаўзы і андрапаўзы

18.10.2024 10:23
Сусветны дзень менапаўзы і андрапаўзы заснаваны СААЗ, каб прыцягнуць увагу да таго, што гэта натуральны перыяд у жыцці чалавека.
Сёння Сусветны дзень менапаўзы і андрапаўзыShutterstock/VH-studio


Старэнне і звязаныя з ім фізіялагічныя змены, як у жанчын, так і ў мужчын, з’яўляюцца натуральным этапам жыцця, і няма чаго саромецца, — адзначаюць спецыялісты.

Гінеколаг Анджэй Ласевіцкі сказаў Польскаму радыё, што больш за 60 працэнтаў жанчын старэйшых за 45 гадоў звяртаюцца да лекара з сімптомамі менапазўы, такімі як патлівасць, праблемы са сном, эмацыйная няўстойлівасць або нетрыманне мачы.

— 40 працэнтаў жанчын гэтага саромеецца, хавае перад сяброўкамі. Грамадству трэба ўсвядоміць, што гэта натуральная з’ява. Сімптомам можна процідзейнічаць. Найлепшыя вынікі дае замяшчальная гарманальная тэрапія, аднак ёсць супрацьпаказанні і не ўсе жанчыны могуць яе браць. У такіх выпадках можна замяняць фітапрэпаратамі.

Уролаг і андролаг доктар Марцін Радко сказаў, што зніжэнне ўзроўню тэстастэрону ў мужчын, звязанае з андрапаўзай, выклікае сімптомы, з якімі мужчынам цяжка змірыцца.

— Яны ўжо не такія «мачо», зніжаецца лібіда, становіцца менш сіл і энергіі. У выніку зніжэння ўзроўню тэстастэрону падае настрой, з’яўляецца плаксівасць — гэтыя сімптомы часта блытаюць з сімптомамі дэпрэсіі.

Сусветны дзень менапаўзы і андрапаўзы заснаваны СААЗ, каб прыцягнуць увагу да таго, што гэта натуральны перыяд у жыцці чалавека, таму што зніжэнне ўзроўню палавых гармонаў у пэўным узросце непазбежна. Яго мэта — павысіць дасведчанасць насельніцтва аб тым, як змагацца з сімптомамі, якія выклікаюць непрыемнасці.

IAR/яс