Беларуская Служба

45 працэнтаў палякаў маюць рахунак толькі ў адным банку

22.10.2024 08:48
Гэта ніжэй за сярэдні паказчык па Еўропе (55%), найбольш «лаяльныя» кліенты ў Аўстрыі (77%).
Ілюстраційне фотоCC0 Domena publiczna https://pxhere.com/pl/photo/1452897

У Польшчы 45% людзей карыстаюцца паслугамі толькі аднаго банку, што ніжэй за сярэдні паказчык па Еўропе (55%), 37% мае рахунак у двух банках, а 16 працэнтаў у трох-пяці банках, - гаворыцца ў справаздачы Kearney. 6 працэнтаў палякаў маюць галоўны рахунак у лічбавым банкінгу.

Даследаванне паказала, што ў Польшчы 45% людзей карыстаюцца паслугамі толькі аднаго банку. Найбольш «лаяльныя» кліенты ў Аўстрыі (77%) і Германіі (69%), а найменш лаяльныя - у Вялікабрытаніі (37%) ды Румыніі (41%). «Польскія спажыўцы знаходзяцца ў авангардзе рэспандэнтаў, якія звязаны з дзвюма банкаўскімі ўстановамі (37%) або 3-5 банкамі (16%)», - адзначаюць аўтары даследавання.

Яны таксама заўважылі, што 6 працэнтаў палякаў маюць асноўны рахунак у лічбавым банкінгу або фінтэху. Найбольш такіх рэспандэнтаў у Германіі (18%), а ў сярэднім па Еўропе — 9%. «Калі мы пашырым аналіз на першы і другі рахункі, 22% з нас маюць адзін з іх у неабанку/фінтэх (таксама ніжэй за сярэдні)», — сказаў Крысціян Камык з Kearney.

Дадзеныя Kearney паказваюць, што 35 працэнтаў еўрапейскіх кліентаў лічбавых банкаў або фінтэхаў маладзейшыя за 35 гадоў, а больш за палову (55%) — маладзейшыя за 45 гадоў. «Папулярнасць гэтага тыпу платформаў сярод маладых кліентаў у першую чаргу абумоўлена высокімі лічбавымі навыкамі гэтай групы, для якой лічбавы банкінг з'яўляецца адной са спажывецкіх звычак і ўпісваецца ў іх стыль жыцця», — адзначаюць аўтары.

European Retail Banking Radar прааналізаваў дадзеныя 90 банкаў, якія працуюць на 21 еўрапейскім рынку (50 банкаў з 13 рынкаў Заходняй Еўропы і 38 банкаў з васьмі рынкаў Усходняй Еўропы). Апытанні праводзіліся сярод 500 рэспандэнтаў у кожнай краіне.

РАР/юл