— Беларускі алігарх Аляксандар Машэнскі фінансуе розныя праекты, якія прыдумляе Аляксандр Лукашэнка, а ў чацвер збірае рэчы, сядае ў свой «Мэрсэдэс» са спецнумарамі — чырвонымі дыпламатычнымі, і кіроўца прывозіць яго на выходныя ў Варшаву. Тут і кафэ, і рэстараны, і на выхадныя з сям'ёй куды-небудзь злятаць на самалёце. Еўрапейскае жыццё, — гаворыць журналіст «Superwizjer» Бертольд Кітэль (Bertold Kittel), аўтар рэпартажу «Чалавек Лукашэнкі ў «Варшаве».
Ён таксама расказаў, як Машэнскі пазбягае санкцый ЕС.
Тры гады таму ўлады ПіС дазволілі Аляксандру Машэнскаму жыць у Варшаве. Гэта алігарх з блізкага атачэння беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі. Машэнскі ніколі не дыстанцыянаваўся ад беларускага рэжыму.
Беларускі алігарх свабодна ездзіць паміж Польшчай і Беларуссю. Ён здымае кватэру ў Варшаве і таксама вядзе тут свой бізнес.
Машэнскаму ў Беларусі належаць буйныя рыбаперапрацоўчыя і малочныя заводы.
Бертольд Кітэль кажа, што Машэнскі «баіцца трапіць у санкцыйны спіс, але больш за 10 гадоў рэжым выкарыстоўвае ўсе магчымыя сродкі, каб гэтага не адбылося».
Журналіст распавёў, што яшчэ ў 2012 годзе Еўрасаюз вырашыў уключыць у санкцыйны спіс, у тым ліку, Аляксандра Машэнскага. Было вядома, што ствараецца так званы чарнавік, і яго імя патрапіла ў СМІ.
— А ў 2012 годзе нечакана быў арыштаваны Анджэй Пачобут, наш польскі журналіст у Беларусі. Я пацягнуўся за дакументамі таго перыяду, падрыхтаванымі беларускім цэнтрам па правах чалавека «Вясна». Алесь Бяляцкі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, які ўзначальвае гэты цэнтр, напісаў, што калі стала вядома пра тое, што Аляксандр Машэнскі будзе ў санкцыйным спісе, улады адказалі затрыманнем і арыштам Аляксандра Пачобута. Еўрасаюз, які не быў гатовы да такой эскалацыі дзеянняў дыктатара, саступіў і не ўключыў у спіс Аляксандра Машэнскага, — заяўляе журналіст Бертольд Кітэль.
— Пазней Аляксандр Машэнскі яшчэ некалькі разоў трапляў у санкцыйныя спісы з-за перасячэння розных чырвоных ліній. Але яго адстойвалі перш за ўсё ісландскія палітыкі, якія лабіявалі ў Еўразвязе свае інтарэсы, маўляў, эканоміка Ісландыі дэ-факта залежыць ад бізнесу Машэнскага, і венгры, якія проста наклалі вета на праект гэтага санкцыйнага спісу, — сказаў Кітэль.
Як адзначыў журналіст, «беларускі рэжым і яго дыктатар рашуча настроены выкарыстоўваць тыя рэсурсы, якія ў іх ёсць». Аляксандр Машэнскі можа мець ключавое значэнне, бо мае доступ да банкаўскай сістэмы Еўрасаюза. Але цяжка сказаць, чым ён канкрэтна займаецца тут, у Варшаве, дадае журналіст.
TVN24/вх