Польшча і краіны Балтыі звярнуліся да Еўракамісіі з просьбай павысіць тарыфы на ўгнаенні з Расіі і Беларусі. Ліст да віцэ-прэзідэнта камісіі Валдзіса Дамброўскіса падпісалі міністр развіцця і тэхналогій Польшчы Кшыштаф Пашык, міністр эканомікі Эстоніі і міністры замежных спраў Літвы і Латвіі.
Польшча, як і краіны Балтыі, адзначылі, што ЕС па-ранейшаму купляе тавары ў Расіі і Беларусі, павялічваючы даходы гэтых краін і ўмацоўваючы расійскую вайсковую машыну ва Украіне. З падрабязнасцямі карэспандэнтка Польскага радыё ў Бруселі Беата Пламецкая:
— На думку чатырох краін, Еўракамісія павінна сканцэнтравацца на азотных, фосфарных і калійных угнаеннях. У Польшчы, Эстоніі, Літве і Латвіі падкрэслілі, што за першыя восем месяцаў гэтага года імпарт угнаенняў з Расіі і Беларусі ў ЕЗ павялічыўся больш чым удвая ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Пад санкцыі ЕЗ трапілі прадпрыемствы па вытворчасці ўгнаенняў і іх уладальнікі. Аднак адбыліся змены ва ўласнасці, іх змянілі новыя кампаніі са штаб-кватэрамі ў іншых краінах, і бізнес вярнуўся на еўрапейскі рынак у яшчэ большым маштабе. Вытворчасць угнаенняў заснавана на прыродным газе. «Павелічэнне імпарту расійскіх і беларускіх угнаенняў у краіны ЕЗ стварае новую пагрозу еўрапейскай бяспецы», — гаворыцца ў лісце. Павелічэнне імпарту ўгнаенняў з Расіі і Беларусі азначае новую залежнасць, якая пагражае ўстойлівасці сельскай гаспадаркі і харчовай бяспецы.
Адметна, што менавіта Польшча з'яўляецца найбуйнейшым пакупніком расійскіх угнаенняў у ЕЗ. Імпарт угнаенняў у Польшчу за першыя восем месяцаў гэтага года павялічыўся на 219% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
iar/эж