Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Польшчы паведаміла, што прамысловая вытворчасць у кастрычніку павялічылася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 4,7 працэнта. Гэты паказчык відавочна вышэйшы за чаканні аналітыкаў, якія спадзяваліся росту ніжэй за 2 працэнты, кажа галоўны эканаміст Bank Pocztowy Моніка Куртэк (Monika Kurtek):
- Гэта вельмі станоўчыя дадзеныя, на многа лепшыя, чым прагназаваныя. Яны тым больш станоўчыя, што цягам апошніх месяцаў назіралася падзенне прамысловай вытворчасці. Гэта добры пачатак чацвёртага квартала. Узнікае пытанне, ці гэтая тэндэнцыя захаваецца. На жаль тут вялікіх спадзяванняў нельга мець. Нагадваю, у кастрычніку было больш працоўных дзён, чым месяцам раней і больш, чым у кастрычніку мінулага года. Гэта напэўна мела ўплыў на вынікі.
Галоўнае статыстычнае ўпраўленне таксама апублікавала інфармацыю аб сітуацыі на рынку працы. У кастрычніку сярэдняя занятасць на прадпрыемствах знізілася на 0,5 працэнта ў гадавым вылічэнні.
У сваю чаргу сярэднямесячны заробак павялічыўся больш чым на 10 працэнтаў і склаў 8 316,57 злотых (больш за 1 916 еўра) з улікам падаткаў і збораў.
Дадзеныя, апублікаваныя Галоўным статыстычным упраўленнем, тычацца прадпрымальніцкага сектара, гэта значыць кампаній, у якіх працуе не менш за 10 чалавек.
IAR/аз