Беларуская Служба

Уступленне Польшчы ў ЕС паскорыла развіццё ейнай эканомікі, ацэньваюць эксперты Польскага эканамічнага інстытута

01.05.2025 08:05
Нагадваем, 21 год таму Польшча разам з дзевяццю іншымі краінамі ўступіла ў Еўрапейскі Саюз.
Сцяг ЕСRalph/pixabay.com/CC0 Public Domain

1 траўня 2004 года, то бок 21 год таму, Польшча разам з дзевяццю іншымі краінамі ўступіла ў Еўрапейскі Саюз. Такім чынам супольнасць пашырылася з 15 да 25 краін. Гэта было найбуйнейшае пашырэнне ЕС за ўсю яго гісторыю.



Акрамя Польшчы, да ЕС далучыліся: Чэхія, Славакія, Венгрыя, Эстонія, Літва, Латвія, Славенія, Кіпр і Мальта.

Уступленне Польшчы ў ЕС паскорыла развіццё ейнай эканомікі. Калі б Польшча не ўступіла ў ЕС, яна б развівалася значна павольней, кажа эксперт Польскага эканамічнага інстытута Марэк Вaнсіньскі(Marek Wąsiński):

- Паводле нашых апошніх падлікаў, калі б Польшча не ўступіла ў ЕС і спрабавала развівацца самастойна, то ВУП на душу насельніцтва быў бы на 40% ніжэйшы, чым цяпер.

З 1 студзеня па 30 чэрвеня 2025 года Польшча старшынствуе ў ЕС. Раней краіна ачольвала працу супольнасці ў другой палове 2011 года.



З 21 снежня 2007 года Польшча таксама з’яўляецца членам Шэнгенскай зоны, якая аб’ядноўвае 29 краін.

З нагоды 21-й гадавіны ўступлення Польшчы ў Еўрасаюз увечары прэм'ер Дональд Туск звернецца да палякаў з прамовай.

IAR/аз