Беларуская Служба

Міратворчая місія ва Украіне выклікае спрэчкі паміж урадам і апазіцыяй

14.05.2025 12:25
Амерыканскі генерал заявіў, што не выключае ўдзелу палякаў у міратворчай місіі ва Украіне. Апазіцыя абвінаваціла ўрад у падмане. Міністры кіроўнай кааліцыі абвяргаюць абвінавачванні.
Ілюстрацыйны здымакPAP/Piotr Polak

Учора ў інтэрв'ю тэлеканалу FOX News спецыяльны пасланнік ЗША па Украіне генерал Кіт Келаг заявіў, што абмяркоўваецца разгортванне міратворчых сіл на захад ад Дняпра. У рамках місіі ва Украіну могуць быць накіраваны міратворчыя сілы з удзелам Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі і «ў прынцыпе» Польшчы, зазначыў генерал.

Старшыня апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць (ПіС)» Яраслаў Качыньскі пракаментаваў гэтыя словы, заявіў, абвінаваціўшы ўрад Дональда Туска ў хлусні. Яраслаў Качыньскі напісаў у профілі X, што «спачатку мы даведаліся са СМІ, што Туск паехаў у Кіеў у складзе так званай «Кааліцыі ахвотных». Цяпер мы чуем ад амерыканскіх палітыкаў, што вядуцца перамовы аб адпраўцы польскіх салдат ва Украіну». У паведамленні далей гаворыцца, што, паводле слоў лідара ПіС, «Туск не раз падманваў палякаў і плануе зрабіць гэта зноў. Няма ніякіх падстаў для адпраўкі польскіх войск ва Украіну».

Міністры кіроўнай кааліцыі абверглі сёння гэтыя заявы. Так у інтэрв'ю выданню Onet Радаслаў Сікорскі заявіў, што генерал Кіт Келог мог перабольшыць польскія дэкларацыі пра дапамогу Украіне. Такая місія «не будзе ўключаць знаходжанне польскіх салдат на ўкраінскай зямлі», удакладніў міністр замежных спраў, дадаўшы таксама, што ўкраінскі бок не цісне на Польшчу з мэтай накіравання салдат у гэтую краіну.

Таксама кіраўніцтва Міністэрства нацыянальнай абароны і Міністэрства замежных спраў Польшчы аднагалосна зняпраўдзілі паведамленні пра адпраўку польскіх жаўнераў ва Украіну.

«Цынічная гульня і крывадушнасць» — так кіраўніцтва Міністэрства абароны пракаментавала пост лідара «Права і справядлівасці» пра магчымую адпраўку польскіх войск ва Украіну. Віцэ-прэм'ер і міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Косіняк-Каміш, спасылаючыся на словы лідара ПіС, ацаніў, што той вядзе цынічную гульню. Ён папярэдзіў аб недапушчэнні выкарыстання гэтай тэмы ў прэзідэнцкай кампаніі. Віцэ-прэм'ер Косіняк-Каміш заявіла, што Качыньскі выдатна ведае, што ўрад не будзе адпраўляць салдат ва Украіну, бо Польшча мае іншую ролю ў дапамозе гэтай краіне. Цяпер, за тры дні да выбараў, яны спрабуюць гэтым скарыстацца. Усё, што яны пра гэта кажуць, крывадушна і цынічна. — заявіў міністр абароны.

Словы старшыні «Права і справядлівасці» пракаментаваў таксама намеснік міністра абароны ад Грамадзянскай кааліцыі Цэзары Томчык. На пытанне Польскага радыё, як ён успрыняў абвінавачванне Качыньскага ў тым, што ўрад Дональда Туска хлусіць, ён адказаў, што гэта «вядомая тактыка лідара ПіС». Яна заснавана — як сказаў Цэзары Томчык — на хлусні. На яго думку, уся палітычная рыторыка ПіС грунтуецца на гэтым, і адзіная зброя супраць гэтага — казаць праўду.

Намеснік кіраўніка Міністэрства нацыянальнай абароны спаслаўся на апытанні грамадскай думкі, якія выразна паказваюць, што 90 працэнтаў палякаў не згодныя з адпраўкай польскіх салдат на ўкраінскі фронт. «Паўтаруся — урад Дональда Туска не меў намеру адпраўляць нашыя войскі за ўсходнюю мяжу», — падкрэсліў Цэзары Томчык.

ПР/юл