Беларуская Служба

Пачынаецца інфармацыйная кампанія Польшчы супраць нелегальных мігрантаў

30.05.2025 17:18
Інфармацыйная кампанія супраць нелегальных мігрантаў пачынаецца ў шэрагу краін.
Migranci na granicy. Wyraźnie widać ludzi za płotem.
Migranci na granicy. Wyraźnie widać ludzi za płotem. x/@donaltusk/zrzut ekranu

Міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі абвясціў, што ў Афганістане, Эфіопіі, Эрытрэі, Самалі, Пакістане і Егіпце пачынаецца інфармацыйная кампанія, накіраваная супраць нелегальных мігрантаў. Яе ідэя — гэта папярэджанне, што «тыя, хто абяцае добрае жыццё ў Еўропе, хлусяць».

«Польшча эфектыўна абараняе свае межы. У Афганістане, Эфіопіі, Эрытрэі, Самалі, Пакістане і Егіпце пачынаецца інфармацыйная кампанія, накіраваная супраць нелегальных мігрантаў. Дзяржава дзейнічае», — напісаў Сікорскі на платформе X.

Да запісу быў прымацаваны відэазапіс, на якім, сярод іншага, паказаны шлагбаўм на польска-беларускай мяжы, салдацкія патрулі і дзейнасць Памежнай службы. Гучыць папярэджанне, што «тыя, хто абяцае квітнеючае жыццё ў Еўропе, хлусяць», а польская мяжа абаронена высокай агароджай тысячамі салдат.

Таксама было падкрэслена, што Польшча ўзмацняе міграцыйнае заканадаўства, польска-беларуская мяжа не з'яўляецца брамай у Еўропу, і калі хтосьці нелегальна перасякае мяжу, ён не атрымае прытулку.

«Тыя, хто абяцае вам заможнае жыццё ў Еўропе, не клапоцяцца пра ваша шчасце, яны клапоцяцца толькі пра вашы грошы», — гэтымі словамі заканчваецца запіс.

Увесь 247-кіламетровы ўчастак мяжы з Беларуссю знаходзіцца цяпер пад відэаназіраннем. На 186 км гэтай памежнай лініі ўзведзены так званы фізічны бар'ер (загарода) вышынёй 5,5 м, яе дапаўняе электронны бар'ер, які ахоплівае рэкі Свіслач і Істачанка.

З 26 мая часовае абмежаванне права падачы заявы аб міжнароднай абароне на мяжы з Беларуссю падоўжана яшчэ на 60 дзён. Палажэнні, якія дазваляюць такое рашэнне, былі прынятыя ўрадам у снежні 2024 года. Яны прызначаны для супрацьдзеяння з'яве эксплуатацыі міграцыі Беларуссю, якая ў супрацоўніцтве з Расіяй і міжнароднымі злачыннымі групоўкамі арганізуе перавозку мігрантаў у Еўрапейскі Саюз.

PAP/вх